Што і ў якой колькасці можна везці праз мяжу?



mc2Набліжаюцца вакацыі і адпачынкі. Перш чым паехаць за мяжу варта пазнаёміцца з мытнымі законамі краінаў, якія вы збіраецеся наведаць. Пра ўмовы перасячэння польскай мяжы распавёў прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі.

РР: Якую колькасць алкаголю і тытуню можна правозіць пра мяжу?

Мацей Чарнецкі: Набліжаецца вакацыйны сезон, набліжаюцца адпачынкі, шмат людзей будзе выязджаць за мяжу нашай краіны, а таксама шмат людзей будзе перасякаць польска-беларускую мяжу. Канешне ёсць пэўныя колькасныя нормы тавараў, якія можна перавезці праз мяжу. Гэта датычыць не толькі асобаў, якія едуць на адпачынак, але таксама тых, якія прыязджаюць да нас за пакупкамі ці ў мэтах  бізнесу. Калі ідзе пра тытунёвыя вырабы, то асобы, якія прыязджаюць з Беларусі ў Польшчу, могуць перавезці дзве пачкі цыгарэтаў – 40 штук цыгарэтаў у суме. Калі ідзе пра алкаголь, галоўным чынам моцны, то асобы, якія прыязджаюць у Польшчу, могуць прывезці літр алкаголю. Калі ідзе пра іншы алкаголь, апрача моцнага, то асоба, якая прыязджае ў Польшчу,  можа прывезці 16 літраў піва, калі ідзе пра віно то гэта 4 літры, а калі ідзе пра лікёры, то гэта два літры. Нельга перавезці 1 літра моцнага алкаголю і 16 літраў піва, 4 літраў віна і 2 літраў лікёру – гэта будзе адна норма. Калі перавозім, напрыклад, 1 літр моцнага алкаголю, то норма ўжо будзе вычарпаная.

РР: Якую суму грошай можна везці праз мяжу?

Мацей Чарнецкі: Калі ідзе пра фінансавыя сродкі, якія можна ўвезці ў Польшчу, то мытнікі не абмяжоўваюць такой сумы. Важным пытанне з’яўляецца паведамленне на мяжы пра наяўнасць грошай супрацоўнікам памежнай службы ці мытнікам. Калі хтосьці перавозіць больш за 10 тысяч еўра, то павінен паведаміць пра такі факт памежным службам, каб не трапіць пад адказнасць.

РР: Якія прадукты нельга перавозіць праз мяжу?

Мацей Чарнецкі: У Еўразвязе існуе забарона на ўвоз харчовых прадуктаў жывёльнага паходжання – гэта мяса, мясныя вырабы, а таксама малочныя прадукты. Забарона ўведзена для таго, каб прадухіліць распаўсюд  хваробаў сярод жывёл. Калі хтосьці збіраецца ў Польшчу, напрыклад, з бутэрбродам, то павінен яе з’есці перад мяжой, перад памежным пераходам, або ўкінуць у спецыяльную ёмістасць, якія знаходзяцца на кожнай паласе.

РР: А што наконт хатніх жывёлаў?

Мацей Чарнецкі: Калі ідзе пра нашых чацвераногіх сяброў, то канешне часта падарожнічаем з катамі і сабакамі. У гэты перыяд будуць дзейнічаць адпаведныя правілы. Перадусім такія жывёлы павінны мець пашпарт, павінна мець электронны чып, павінна мець прышчэпку супраць шаленства. Канешне розныя краіны таксама накладаюць іншыя абавязкі, напрыклад, каранцін. Але калі ідзе пра польска-беларускую мяжу, то хопіць электроннага ідэнтыфікатара, прышчэпкі супраць шаленства і дакумента пацвярджаючага такую прышчэпку – пашпарт ці ветэрынарнае пасведчанне.

РР: Можа вы хацелі б нешта параіць турыстам, якія будуць перасякаць мяжу?

Мацей Чарнецкі: Важна, каб гэтыя асобы выконвалі нормы, якія існуюць. Калі ідзе пра вываз з Польшчы пэўных тавараў, то вядома што кожная краіна дбае пра сваю культуру, пра свае творы мастацтва. Вывозячы з Польшчы нейкі прадмет, які з’яўляецца творам мастацтва, таксама трэба мець спецыяльны дазвол. Калі хтосьці купіць тут прадмет, які з’яўляецца творам мастацтва, то варта спытаць меркавання мясцовага эксперта ці не з’яўляецца гэты прадмет творам мастацтва, напрыклад, карціна ці старая мэбля, бо на мяжы за гэта могуць пакараць ці канфіскаваць.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя