Што хочуць змяніць маладыя беларусы ў польскай палітыцы?



Грамадcкая ініцыятыва, рух «Разам» альтэрнатыва левым сілам у Польшчы. «Мы не хочам Польшчы Мілера і Кваснеўскага, ні Польшчы Туска, ні братоў Качынскіх», — так заяўляе пра сябе новы рух «Разам», які стартаваў у траўні гэтага года і стварыў свае спісы кандыдатаў у польскі Сейм.

У спісе руху «Разам» ад Падляшскага ваяводства 2 кандыдаты, якія дэкларуюць сябе беларусамі: Севярын Пракопюк — 30-гадовы сацыёлаг і настаўнік, ды Міхал Іванюк — 29-гадовы культуролаг і журналіст.

 

РР: Што вас падштурхнула да таго, каб пайсці ў палітыку ад руху, які ў сваіх лозунгах кажа, што палітыка — рэч не надта сімпатычная?

Севярын Пракопюк: — Рух разам, гэта нізавая ініцыятыва. Нам надакучыла галасаваць «супраць»: супраць Права і Справядлівасці, супраць кансерватыўных правых, супраць лібералаў. На першай сустрэчы ў Беластоку было 5 чалавек. Праз тыдзень мы паехалі ў Варшаву, і там сустрэлі шмат людзей падобных да нас. З’явіўся энтузіязм, маўляў калі не цяпер, дык калі. І мы спрабуем.

РР: І ёсць надзея, што рух «Разам» праявіць сябе на гэтых выбарах?

Міхал Іванюк: Паводле апошніх апытаннях у нас ёсць 3% галасоў. А таксама, у нас ёсць запал, які натхняе нас на рэалізацыю лозунга: «Іншая палітыка — магчымая». Не кансерватыўная, ні ліберальная, а наша, новая левая. Мы не маем нічога супольнага са старымі левымі рухамі: Лешэкам Мілерам, Палікотам, бо яны —  не левыя сілы. Мы левыя, бо ведаем сацыяльныя праблемы.

РР: Што б Вы хацелі зрабіць, калі пашчасціць і вы ўсё ж такі трапіце ў парламент?

Севярын Пракопюк: Найважнейшыя мэты нашай праграмы — стабільная праца і заробак., Мы хочам змагацца з працоўнымі дамовамі на якія не робяцца сацыяльныя  адлічэнні, каб абмежаваць гэтую з’яву, якая моцна шкодзіць працаўнікам. Адзін з нашых важных пастулатаў на Падляшшы гэта: зліквідаваць розніцу паміж Польшчай «А» і Польшчай «В». І мы кажам не проста пра розніцу на лініі Віслы, мы лічым, што трэба падтрымліваць перыферыйныя рэгіёны. Дзяржава павінна інвеставаць у стварэнне новых месцаў працы і не толькі па прынцыпе розніцы паміж Варшавай і Беластокам, але Беластокам і рэштай ваяводства. Мы хочам змагацца за справядлівыя падаткі, каб вялікія замежныя фірмы плацілі больш, чым польскі прадпрымальнік. Каб багатыя людзі плацілі большыя падаткі.

РР: Вы таксама з’яўляецеся прадстаўнікамі беларускай меншасці?

— Мы хочам паставіць на беларусаў, бо мы таксама беларусы і ведаем іхныя праблемы, праблемы рэгіёну. Мы хочам зрабіць стаўку на культуру меншасці, каб яна стала візітоўкай нашага рэгіёну. Гэта рэгіён, дзе жывуць палякі, беларусы, украінцы, татары, і мы хочам, каб яны былі сімвалам і візітнай картачкай.

РР: А як гэта зрабіць? Столькі гаворыцца пра шматкультурнасць гэтага рэгіёну, але адначасова ў мінулую суботу ў Беластоку прайшоў найбольшы марш супраць імігрантаў.

Міхал Іванюк:  Вельмі патрэбна адукацыя, каб навучыць, што ўсе мы роўныя і ўсе мы людзі і павінны прытрымлівацца правоў чалавека. І мы не павінны баяцца ні людзей з Блізкага Усходу: сірыйцаў, курдаў, але таксама мы не павінны баяцца беларусаў і ўкраінцаў. Нельга ўзмацняць каланіяльны дыскурс, што гэта «крэсы», якія належаць палякам.

Севярын Пракопюк: Мы адназначна за тое, каб прыняць уцекачоў з Паўночнай Афрыкі, але ўцекачоў, а не эмігрантаў і, ўласна кажучы, мы на кожным кроку ўдзельнічаем у падобных дыскусіях. Я часта паўтараю, што мы ў нашым рэгіёне маем досвед таго ж Бежанства. У маёй сям’і часта пра гэта кажуць, бо памяць жывая. І хоць усё гэта адбывалася ў страшных умовах, ваенных, усяго бракавала, але ўсе падкрэсліваюць, што нашых продкаў прымалі добра, нягледзячы на праблемы вайны, рэвалюцыі… Я прызнаюся, што калі глядзеў на гэты марш у мяне сэрца разрывалася. Мы жывем у такім рэгіёне, дзе павінны шанаваць разнароднасць.

Міхал Іванюк: Як мы дапамагаем беларусам, якія эмігруюць па палітычных прычынах, гэтак жа мы хочам дапамагаць сірыйцам  і курдам. А людзі папросту неабазнаныя, і калі б мы паставілі на адукацыю, дык яны тройчы задумаліся б, ці ісці на такі марш.   

РР: Як вы бачыце супрацу з Беларуссю?

Севярын Пракопюк: Гэта для нас вельмі важна і мы павінны супрацоўнічаць, як народы, адкінуўшы палітыку. Палітыка Лукашэнкі — гэта пастаяннае балансаванне, калі ён раз ахалоджвае, а другім разам, ацяпляе ўзаемаадносіны. І заўсёды так, што калі ён ахалоджвае, дык Польшча на 1-м месцы, а калі ацяпляе, дык мы напрыканцы. Мы павінны мець адкрыты пратакол разыходжанняў: калі парушаюцца правы чалавека і ёсць палітычныя вязні, парушаюцца прынцыпы дэмакратыі, мы ясна і выразна кажам, што мы з гэтым нязгодныя. Але калі ў нас супольныя эканамічныя інтарэсы, мы ня можам уводзіць эмбарга, ці не ўпускаць грамадзянаў Беларусі ў Польшчу, бо дзякуючы гэтаму абмену, сітуацыя можа змяніцца. Людзі паміж сабой дагаворваюцца: купляюць прадаюць і там няма стэрэатыпаў. Мы нязгодныя з посткаланіяльным поглядам на гісторыю.

Моладзь ужо мае зусім іншы падыход. Я памятаю як у 90-я гады людзі саромеліся размаўляць па-беларуску, па-свойму. А цяпер гэта мне сорамна, што я тут, з вамі, не магу пагаварыць па-беларуску. Мы бачым беларускамоўныя ініцыятывы ў сацыяльных сетках, ідзем па горадзе і бачым маладых людзей, якія між сабой размаўляюць, і не саромеюцца. Едзем аўтобусам і там гавораць па-свойму.

 РР: На сваім сайце вы таксама ўзнімаеце пытанне неразлічаных падзеяў з 1945-1956 гадоў. Ці гэтае пытанне застанецца для вас важным, калі вы трапіце ў палітыку.

 Севярын Пракопюк: Гэта гісторыя з майго боку, і яна, ўсё яшчэ жывая. Сучасная палітыка дуалістычная: калі, з аднаго боку, прэзідэнт Дуда едзе на Грабарку, а з другога, мы чуем, што адна з вуліцаў будзе насіць назву «выклятых жаўнераў», ці Рамуальда Райса Бурага. Не трэба раскопваць старыя раны, яны павінны зацягнуцца, але гэта адбудзецца толькі на супольным кансенсусе.

Беларусы Севярын Пракопюк і Міхал Іванюк — кандыдаты ў польскі Сейм ад руху „Разам” ад Падляшша .

За галасы беларускай меншасці будуць таксама змагацца вядомыя ўжо палітыкі: Аляксандр Сасна — ад аб’яднаных левых сілаў, Яраслаў Матвеюк ад Польскай Сялянскай партыі, За мандат сенатара ад паўднёвай акругі Падляшша будзе змагацца Яўген Чыквін.

У аўторак, 13 кастрычніка, прапануем размову з кандыдатам ад спісу партыі Грамадзянская платформа і форума нацыянальных меншасцяў Падляшша Адамам Мусюкам.

Гутарыла Валя Лаўеская

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.