Што перашкаджае росквіту роднай мовы ва Украіне?
Гісторыя Беларусі і Украіны ў ХХ ст. у нечым падобная. У нас была задушаная Беларуская Народная Рэспубліка, у нашых паўднёвых суседзяў – адпаведна, Украінская Народная Рэспубліка.
І ў нас, і ва Украіне быў кароткі перыёд “росквіту нацыянальнай культуры” у 20-ых гадах, пасля чаго і беларускія, і ўкраінскія культурныя дзеячы былі рэпрэсаваныя. І ў нас, і нашых суседзяў у 1933 годзе праводзілася “моўная рэформа”, з мэтай штучнага набліжэння нашых моваў “да братняй расейскай”. У выніку, і Беларусь, і Украіна ў 1991 годзе сустрэлі незалежнасць зрусіфікаванымі і здэнацыяналізаванымі.
Як адбывалася ўкраінізацыя на Сівершчыне? Хто фінансаваў у Чарнігаве расейскіх нацыстаў з РНЕ? Што думаюць ва Украіне пра моўную сітуацыю ў Беларусі?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война гутарыць з Аляксандрам Ясенчуком – грамадскім актывістам і краязнаўцам Чарнігаўшчыны.
Аляксандр Ясенчук: Аднойчы ў Гомелі я патрапіў у неверагодную гісторыю. Іду з сябрам, а ён, як і я, з Менскага раёну Чарнігаўскай вобласці. І гаворым так, як прынята ў нас…
РР: То бок, гэта гаворка вельмі блізкая, да беларускай мовы?
Аляксандр Ясенчук: Так, толькі без вашага “дз”! І пачулі ад аднаго дзеяча, напэўна, з Расеі, такую фразу: “Вось, шчырыя беларусы панаязджалі!” Мяне гэта вельмі здзівіла. Атрымліваецца, што гэты чалавек за ўсё сваё жыццё ніколі не чуў літаратурнай беларускай мовы, бо ён прымае нашую чарнігаўскую ўкраінска-беларускую гаворку… Чарнігаў і Гомель былі ў аднолькавай ступені зрусіфікаваныя. Магчыма, Гомель больш…
РР: Я добра памятаю Чарнігаў васьмідзесятых гадоў, нават у сямідзесятых. Па ўзроўні зрусіфікаванасці горад быў на роўні Гомеля ці Магілёва. Выглядаў, бы звычайны расейскі губернскі горад…
Аляксандр Ясенчук: Так. Я яшчэ памятаю часы, калі ў Чарнігаве можна было атрымаць у пысу толькі за тое, што ты гаворыш украінскай мовай. Прынамсі, такія бойкі былі. Бо, на думку некаторых, украінская мова была “сялянскай” і “калгаснай”. Было гэта яшчэ напачатку двухтысячных гадоў… То бок, не так ужо і даўно. Але ж, пачынаючы недзе ад 2004 года, адбыўся першы пералом. Потым былі часы Віктара Юшчанкі, калі ён стаў прэзыдэнтам. Таксама сітуацыя крыху палепшылася. Ну, і астатнія гады… Толькі цяпер у Чарнігаве сталі больш актыўна размаўляць украінскай мовай і перасталі яе саромецца. Прытым не толькі ўкраінскай мовы. Я нават чую, калі маладзёны дзе ў рэстарацыі звяртаюцца да афіцыянтаў дыялектам тае мясцовасці, адкуль яны паходзяць. То бок адчуваюць, што гэтыя гаворкі менавіта іх і што іх не варта саромецца ў тым ліку і “на людзях”!
РР: Калі ў 70-я гады ў Чарнігаў прыехала ўнучка ўкраінскага літаратурнага класіка Міхайлы Кацюбінскага і літаратурнай украінскай мовай папрасіла таксіста правесці яе па Чарнігаву, адказ быў прыблізна такім: “Понаехало деревенщины!» Вы з падобным таксама сутыкаліся?
Аляксандр Ясенчук: Багата разоў. Таксама ў Чарнігаве можна было пачуць і такую рэакцыю на ўкраінскую мову: “У-у, прыехалі западэнцы!” Але з кожным годам украінскай мовы становіцца ўсё больш, больш і больш у нашым горадзе.
РР: Які механізм украінізацыі, на ваш погляд?
Аляксандр Ясенчук: Гэта агульнадзяржаўны працэс. Яшчэ нядаўна ў Чарнігаве не было ніводнай украінскай школы. Не, была – “для разумова дэфектыўных”, менавіта ўкраінская… Спачатку з’явіліся модныя музычныя гурты. Потым – модныя кнігі. Потым украінскай стала модна гаварыць палітыкам. Расейская мова цяпер засталася хіба што ў бізнэсе ды ў крымінале, дый і тое, наш украінскі крымінал таксама пераходзіць на ўкраінскую.
РР: Напэўна, і крымінал хоча быць “у трэндзе”! Украінская мова, украінская сімволіка, украінская школа… Праявы “украінскасці” – толькі ў гэтым?
Аляксандр Ясенчук: Ведаеце, не. Колькі ў нас цяпер нядаўніх “рэгіяналаў”, былых паплечнікаў Януковіча, якія паапраналі вышыванкі і паўсюдна равуць “Слава Україні!» Але пры гэтым яны не сталі ўкраінцамі. Тут усё ідзе ад пачуццяў, думак і спраў.
РР: Падчас украінізацыі 90-х была нейкая спроба супраціву ад гэтых людзей?
Аляксандр Ясенчук: Так. Тады ў Чарнігаве былі нават баявыя атрады «Русского Национального Единства».
РР: У Чарнігаве? Дык а хто іх тут утрымліваў і фінансаваў?!
Аляксандр Ясенчук: Наколькі я ведаю, іх фінансавалі нашыя расейскія “браты”. Быў такі ў Бранскай вобласці дэпутат Шандыбін, ужо нябожчык. Ён асабіста імі кіраваў, прыводзіў да ладу, даваў грошы… Самы іх знакавы акт быў – гэта калі яны зламілі і апаскудзілі помнік нашым героям у Крутах. Распачалі тады крымінальную справу. Частка РНЕшнікаў паўцякала ў Расею, частка стала на шлях выпраўлення. Нават ведаю аднаго хлопца, які перайшоў на ўкраінскую пазіцыю…
РР: Ці заміналі ўкраінізацыі вашыя чыноўнікі?
Аляксандр Ясенчук: Яны любілі Украіну. Але якую: шаравары, галушкі, сала. І каб украінцы спявалі песні… І ўсё.
РР: То бок, выключна этнаграфічны складнік?
Аляксандр Ясенчук: Менавіта! Але, на іх капыл, больш украінцы не мелі права нікуды падымацца. Правесці бізнэсовы семінар украінскай мовай? “Вы над нами издеваетесь, или что? Это же просто не-воз-мож-но!”
РР: Украінізацыя, якая цяпер ідзе і ў Чарнігаве, і па ўсёй Украіне, – гэта, на ваш погляд, працэс незваротны?
Аляксандр Ясенчук: Цяпер на Ўсходзе за нашу краіну ваюе багата менавіта расейскамоўных грамадзянаў. І пытанне менавіта мовы трошкі адыйшло на другі план. Магчыма, гэта крыху і няправільна. Цяпер ёсць багата ўкраінскіх патрыятычных людзей рускамоўных, і багата рускамоўных праўкраінскіх тэкстаў. “Україна єдина – единая страна!” Гэта сённяшні лозунг. Дарэчы, калі браць сухую статыстыку, то нават украінскіх кніг на цяперашні момант не пабольшала – калі параўноўваць з часамі Януковіча.
РР: Але ж і новыя ўкраінскія ўлады, і ваш Прэзыдэнт абяцалі ўсяляк спрыяць украінскай культуры. Хіба такога няма?
Аляксандр Ясенчук: На жаль, такога няма. Тое, што гаворыцца пра Парашэнку, што ён нібыта “фашиствующий молодчик», то, на жаль, ён ліберал…
Украінская мова, паводле Канстытуціі, з’яўляецца ва Украіне адзінай дзяржаўнай. Але пры гэтым ніхто не забараняе размаўляць на якой заўгодна іншай мове.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя