„Што сніцца катам?”



Чарнігаўскі музычна-драматычны тэатр пасля расейскага ракетнага ўдару, які ператварыў звычайны суботні дзень у дзень кашмару і болю, аднавіў рэпетыцыі ўжо праз два дні. Першы этап – „чытка”, дзе акцёры знаёмяцца з тэкстам і персанажамі, адбываўся ў прысутнасці ратавальнікаў. Да канца не вызначаны зоны бяспекі: без высновы экспертаў работа на дзвюх малых сцэнах застаецца пад пытаннем. Затое зоны небяспекі відаць няўзброеным вокам.

Варожая ракета нанесла велізарную шкоду – разбураны дах, вылецелі вокны і дзверы, пашкоджаная сістэма ацяплення. Але кіраўніцтва тэатра ўпэўнена, што дзяржава і мецэнаты акажуць неабходную фінансавую падтрымку. Акцёры рэпеціруюць п’есу-рэтраспектыву пра ўкраінскі горад на Палессі – падзеі пачынаюцца перад Другой сусветнай вайной і заканчваюцца напярэдадні поўнамаштабнага расійскага ўварвання. Цікава, што і галоўны рэжысёр Чарнігаўскага драмтэатра, і рэжысёр-пастаноўшчык п’есы ў розны час працавалі ў Данецкім нацыянальным тэатры, але не былі асабіста знаёмы. Цяпер лёс звёў іх у Чарнігаве.

Страшна праводзіць аналогіі, але факт ёсць фактам: Данецкая вобласць, Марыупальскі драматычны тэатр, бомбавы авіяўдар ВКС РФ, сакавік 2022; Чарнігаўскі драматычны тэатр, ракетны ўдар, жнівень 2023 года. Удар па тэатры ў самым цэнтры Марыупаля атрымаў кваліфікацыю вайсковага злачынства. Удар па тэатры ў самым цэнтры Чарнігава наўрад ці яе атрымае. Атака не была накіравана на цывільны аб’ект. Таму што які-небудзь цывільны аб’ект, які выкарыстоўваюць у вайсковых мэтах (у дадзеным выпадку – выстава беспілотнікаў, прысутнасць на мерапрыемстве вайскоўцаў), з’яўляецца дастатковым фактарам для вызначэння гэтага аб’екта як нецывільнага.

Колькасць дамоў, разбураных ракетай замест адной мэты, якую вораг хацеў знішчыць, на жаль, не аргумент. Як не аргумент таксама – забітыя цывільныя асобы, асабліва шасцігадовае дзіця. А тыя, хто планавалі, і тыя, хто выканалі гэты напад, магчыма, у звычайны суботні дзень пойдуць з сям’ёй у тэатр (чытай — цывільны аб’ект) на п’есу-рэтраспектыву пра горад у Паволжы, потым прагуляюцца па самым цэнтры горада і нават зойдуць у рэстаран (выдатнае заканчэнне дня). А перад сном пацалуюць сваіх шасцігадовых дзяцей і, супакоеныя, пакладуць галаву на падушку. Цікава, што сніцца катам?

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя