Што ведаюць пра беларускую культуру ў Чарнігаве?
Беларуская і ўкраінская культуры маюць багата супольных старонак. Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч і Уладзімір Караткевіч жылі і працавалі ва Украіне, Леся Украінка неаднаразова бывала ў Менску, адкуль паходзіў яе муж – этнічны беларус. Паэма Янкі Купалы «Тарасава доля» прысвечаная Тарасу Шаўчэнку. Творы Багдановіча, Купалы і Коласа перакладалі ці не ўсе паэтычныя ўкраінскія класікі ХХ стагоддзя.
А ці ведаюць нашую культуру ў цяперашняй Украіне? З якімі імёнамі асацыюецца беларускае мастацтва ў братэрскай краіне?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война апытаў жыхароў Чарнігава.
Яўгенія Фёдараўна, правізар: У сямідзесятыя гады мы ўсе слухалі “Песняроў”. Пагэтуль памятаю песні “Александрына” і “Касіў Ясь канюшыну”. З беларускай літаратуры ведаю толькі Янку Купалу і Якуба Коласа. У Чарнігаў яшчэ ў 70-я прыяжджаў беларускі тэатр са спактаклем “Паўлінка”, памятаю яго, хадзіла…
Анастасія, студэнтка: З беларускай культурай у мяне асабіста асацыюецца найперш Міхалок і яго група “Brutto”. Нядаўна яны выступалі ў нас у Чарнігаве з вялікім канцэртам, але Міхалок – гэта тычыцца майго пакалення. Мая бабуля, калі на кухні працуе, іншым разам спявае нешта з “Песняроў”, якіх вельмі любіць. Яшчэ я ведаю, што ў Беларусі шмат прыгожых замкаў…
Ігар Мікалаевіч, выкладчык у ВНУ: Для мяне беларуская культура асацыюецца найперш з Адамам Міцкевічам, калі вы не супраць такой асацыяцыі. А, увогуле, для чалавека савецкага пакалення, то адраджэнне беларускай культуры асацыюецца з імём Пятра Машэрава.
Аляксандра Рыгораўна, пенсіянерка: Калі я была яшчэ школьніцай, па радыё іншым разам гучалі беларускія народныя песні. Такая мелагучная мова – не магу параўнаць яе ні з якой іншай! З беларускай літаратуры памятаю толькі Максіма Танка. А яшчэ ведаю, што ваш народны паэт Багдановіч памёр у нас ва Украіне, у Крыме, і ў Ялце пахаваны…
Дзмітрый Мамчур, краязнаўца: А мы тут увогуле зрэдку бачым прадстаўнікоў беларускай культуры, беларускай літаратуры. Калі каго і бачым у Чарнігаве – то выключна гамяльчанаў, якія прыяжджаюць сюды на закупы.
Ніна, прамысловы дызайнер: Беларуская культура асацыюецца найперш з вышыванкамі. Калі я апошнім разам была ў Беларусі, там усё значна пагоршылася. Сваёй мовы беларусы не ведаюць. Нават экскурсія ў нас па Беларусі была расейскай мовай, хаця мы прасілі, каб была беларускай. Цяпер усё ў беларусаў стала значна горш…
Пётр Антоненка, галоўны рэдактар газеты “Світ-Інфо”: Беларуская культура выклікае ў мяне вялікія сімпатыі. Чытаю вашу класіку – таго ж Янку Купалу, і сучасную класіку – Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава… З паэзіі люблю Яўгенію Янішчыц, вечная ёй памяць. Гэта вельмі блізкая нам літаратура – і па духу, і па гуманнасці.
Такім чынам, беларуская культура вядомая ўкраінцам пераважна па фальклорных узорах, па класічнай літаратуры і спадчыне былой БССР. Сучаснае мастацтва прадстаўлена хіба што Сяргеем Міхалком і групай “Brutto”.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя