Штодзень абвастраецца сітуацыя ва Украіне
“Артылерыйскія абстрэлы з абодвух бакоў сталі рэгулярнымі, у паветры лунае прадчуванне вайны”, – кажа 45-гадовая Ганна Юркіна, беларуска з Пухавіцкага раёна, бацька якой яшчэ ў савецкія часы з’ехаў на Данбас.
Яна жыве ў шахцёрскім гарадку Юнакамунараўск, што ў 10-ці кіламетрах ад Енакіева і ў 30-ці ад “франтавой” Горлаўкі. У час абстрэлаў снарад разарваўся ў яе на агародзе:
– У мяне дома ўвогуле не прымае сувязь. Калі я выходжу з мабільным тэлефонам, на працы сувязь ёсць, а дома – я жыву на першым паверсе, сувязь глушаць, мы ж карыстаемся ўкраінскімі пакетамі. Мы пакуль не ў эпіцэнтры, але тут побач горад Горлаўка – там эпіцэнтр, толькі ўсё гэта чуем. Выезд ва Украіну закрыты, блокпасты, шахты практычна не працуюць.
“Пра менскія дамоўленасці не ўзгадваем, бо яны для нас канчаткова парушаныя”, – кажа Ганна Юркіна.
Як цвердзіць генерал арміі Украіны Міхаіл Маламуж, маштабнага наступу на Данбасе пакуль не чакаецца, але магчымыя сектаральныя правакацыі ў розных раёнах.
Беларускае Радыё Рацыя