Штомесячнік «Часопіс» змагаецца за існаванне



Штомесячнік “Часопіс” упершыню за 27 гадоў свайго існавання не трапіў да чытачоў. Гэтае грамадска-культурнае выданне выходзіць на польскай і беларускай мовах, а таксама яднае аўтараў з абодвух бакоў мяжы. З новага году ў “Часопіса” ўзніклі фінансавыя праблемы”, – тлумачыць сябра рэдакцыі Веслаў Харужы:

Наша выданне спыніла сваю дзейнасць. Думаю, што часова, на паўгода. Мы не атрымалі датацыі з Міністэрства унутраных спраў, а гэтая датацыя — галоўная крыніца нашага існавання апрача даходу з продажу ці складчын.

Як дадае Веслаў Харужы, у сакавіку стартуе новы конкурс на дафінансаванне, якім і плануе скарыстацца месячнік. У гэтым выпадку аднаўленне працы адбудзецца ад ліпеня бягучага году. Рэдакцыя спадзяецца на лепшае і мае планы на будучыню:

У нас ёсць пастаянныя чытачы, ёсць падпісчыкі, і патэнцыял аўтараў. Думаю, што «Часопіс» адродзіцца яшчэ лепшы, цікавейшы, які знойдзе новых чытачоў. Запрашаем да чытання нашага выдання.

На гэты момант ёсць магчымасць пачытаць ранейшыя нумары штомесячніка “Часопіс” на яго інтэрнэт старонцы czasopis.pl. Таксама не выключана, што да 25 Сакавіка выйдзе чарговы нумар выдання, але дзякуючы грамадскім складкам.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя