Шыман Галоўня: Крызіс на мяжы трэба ўзяць пад цывілізаваны кантроль
Сітуацыя на польска-беларускай мяжы ў сувязі з мігранцкім крызісам хвалюе жыхароў Польшчы, асабліва польска-беларускага памежжа. Плот, які паставілі на мяжы, паток мігрантаў паменшыў, але не спыніў, – лічыць былы кандыдат у прэзідэнты, цяпер кандыдат у дэпутаты, лідар руху „Польшча 2050” Шыман Галоўня.
„Сітуацыю на мяжы неабходна цывілізаваць, стварыць пункты для пераходу мяжы мігрантам”, – лічыць Шыман Галоўня.
– Калі мігранты прыйдуць на пункт пропуску, то не будуць вымушаны ісці на плот ці ў лес. Значная частка мігрантаў прыйдзе на пункт пропуску, дзе можна будзе іх праверыць. У нас сёння ёсць магчымасць ўзяць пад кантроль гэты крызіс, які выклікаў Лукашэнка разам са сваім сябрам Пуціным, цынічна выкарыстоўваючы людзей, як сродак дасягнення мэты. У нас ёсць магчымасці, грошы і веды, як упраўляць гэтым крызісам ў рамках сродкаў Еўразвязу і з дапамогай Еўразвязу, такім чынам каб былі выкананы канвенцыі якія мы падпісалі, польскія законы, а таксама каб Рэчпаспаліта была бяспечнай.
18 жніўня Літва закрыла два з шасці памежных пераходаў зь Беларуссю .З Польшчай дзейнічае толькі пераход ў Тэрэспалі для легкавых аўтамабіляў.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя