Шыман Галоўня падчас візіту ў Беласток гаварыў пра сітуацыю на мяжы



Маршалак польскага Сейма Шыман Галоўня падчас візіту на Падляшша выказаўся пра сітуацыю на польска-беларускай мяжы.

“Трэба стварыць сапраўдную сістэму аховы польскай мяжы, прагматызм не выключае гуманізму, бяспека не выключае чалавечнасці”, – сказаў Шыман Галоўня:

-Калі сітуацыя гуманітарная і патрабуе гуманітарнай дапамогі, то трэба дапамагчы. Калі нехта памірае ад абмаражэнняў, то належыць неадкладна забраць яго ў шпіталь і лячыць ад абмаражэння. Гэта не зменіць яго фармальнага статусу. Калі выявіцца, што ён знаходзіцца ў Польшчы нелегальна, то як толькі яго вылечаць, ён будзе дэпартаваны. Калі сітуацыя пагражае здароўю, альбо жыццю чалавека, няма дыскусіі. Мы мусім рэагаваць як людзі.

Маршалак Сейма выказаўся таксама пра так званыя “Push-backi” (адпраўку мігрантаў назад на мяжу). “Push-backi” павінны спыніцца, яны незаконныя і бесчалавечныя. Павінна быць створана рэальная сістэма аховы мяжы Рэчы Паспалітай. Мяжа павінна быць шчыльнай і бяспечнай, – сказаў Галаўня.

Гэта першы візіт на Падляшша Шымана Галоўні, як маршалка польскага Сейма. Нагадаем, што ён – нараджэнец Беластока. 

Беларускае Радыё Рацыя