Шымон Галоўня прыехаў на Падляшша
Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць 10-га траўня. У выбарчай гонцы ўдзельнічаюць шэсць кандыдатаў, сярод якіх – беспартыйны журналіст, нарадзінец Беластока Шымон Галоўня.
8-га лютага ён наведаў Бельск Падляшскі, дзе сустрэўся з жыхарамі і папрасіў яго падтрымаць:
– Мы сабралі адпаведную колькасць подпісаў, якіх дастаткова для рэгістрацыі выбарчага камітэта – 1000 подпісаў. Цяпер ездзім па Польшчы. Я пачаў ад Падляшша, бо маё жыццё пачалося на Падляшшы, тут мая сям’я, сюды я часта прыязджаў, калі быў дзіцём.
Падчас прэс-канферэнцыі Шымон Галоўня адказаў на пытанне пра культ „выклятых жаўнераў” – хто з іх сапраўды герой, а каго героем называць нельга:
– Гэта пытанне, якім павінны займацца гісторыкі, а не палітыкі. Такія пытанні не вырашаюцца на вуліцах падчас рознага кшталту акцый, гэта павінна быць добра прааналізавана спецыялістамі. Я ведаю адно, што калі хтосьці забівае цывільных жыхароў, то ў маім разуменні гэта не сумяшчаецца з гераізмам ды змаганнем за незалежнасць.
Таксама кандыдат у прэзідэнты Польшчы Шымон Галоўня сустрэўся з жыхарамі Беластока.
Беларускае Радыё Рацыя