Шымон Галоўня: „Жыве Беларусь!”
Менск – Варшава. Польскі рух „Польшча 2050” выказаў салідарнасць з грамадзянамі Беларусі ў іх барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю.
Кіраўнік Руху, экс-кандыдат у прэзідэнты краіны Шымон Галоўня запісаў заяву, якую размясціў у сацыяльных сетках:
– Хацеў бы выразіць салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, якія сёння змагаюцца за справядлівыя і дэмакратычныя выбары ў сваёй краіне. Салідарны з тымі, хто быў беспадстаўна зняволены, пабіты, з тымі, хто быў вымушаны з’ехаць. Ваша адвага заслугоўвае павагі, а каштоўнасці, за якія змагаецеся, з’яўляюцца для нас фундаментальнымі. Годнасць чалавека, свабода, права грамадзянаў вырашаць лёс сваёй краіны, таксама блізкія полькам і палякам, якія ствараюць рух „Польшча 2050”.
Прадстаўнікі руху „Польшча 2050” запрашаюць сёння (7 жніўня) а 19:00 прыйсці да амбасады Рэспублікі Беларусь па адрасу вуліца Вертніча 58 у Варшаве і да Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь па адрасе вуліца Електрычна 9 у Беластоку. Падчас акцыяў будуць выступаць польскія і беларускія актывісты, а таксама будзе выканана культавая песня „Муры”, якая стала ў Беларусі хітом, які аб’ядноўвае людзей, што вырашылі змагацца за сваю свабоду:
– Хачу выразна сказаць, мы з вамі, падтрымліваем вашыя дзеянні. У знак салідарнасці актывісты руху і ўсе, хто захоча да іх далучыцца, прыйдуць у гэтую пятніцу пад амбасаду Рэспублікі Беларусь у Варшаве і консульства ў Беластоку, каб праспяваць знакамітыя „Муры” па-польску і па-беларуску.
Свой зварот да беларусаў, якія змагаюцца за справядлівыя выбары, Шымон Галоўня завяршыў словамі „Жыве Беларусь!”.
Беларускае Радыё Рацыя