Сірыйскія мігранты распавялі, што беларускія памежнікі іх білі
Тэлеканал Euronews апублікаваў 10-хвілінны рэпартаж з польска-беларускай мяжы. Карэспандэнт выдання выслухаў сведчанні ўцекачоў, пабываў з валанцёрамі ў забароненай зоне і сустрэўся з польскімі жыхарамі памежжа.
У адным з эпізодаў сірыйскія ўцекачы распавялі, што прыляцелі ў Беларусь па турыстычных візах у надзеі трапіць у Еўрапейскі Звяз. Іх адвезлі да мяжы з Польшчай, дзе яны апынуліся ў пастцы паміж вайскоўцамі дзвюх краін.
“Мы прабылі там тыдзень — сем дзён. Там былі і маленькія дзеці, без ежы і вады. Я спрабаваў вярнуцца ў Менск і пералез цераз плот. Яны білі мяне дручком. Там таксама былі сабакі. Яны білі ўсіх і паўтаралі: “Ідзіце ў Польшчу!”
Мігранты таксама сказалі, што ў Беларусі ім не дазвалялі разводзіць вогнішча, каб сагрэцца, бо яны ішлі па вадзе і змоклі.
Беларускае Радыё Рацыя