Сітуацыя на Данбасе надалей застаецца небяспечнай (абноўлена)
Сакратар рады Нацыянальнай Бяспекі і Абароны Украіны Аляксандр Турчынаў знаходзіцца ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі АТО каардынуе i кантралюе лінію абароны. Паведамляе прэс-служба Рады. „Цяпер Аляксандр Турчынаў знаходзіцца пад Марыупалем, дзе падраздзяленні Нацыянальнай Гвардыі прарвалі абарону праціўніка і перайшлі ў наступ”, – гаворыцца ў паведамленні.
Раней полк спецпрызначэння „Азоў” заяўляў аб вызваленні Паўлопаля і разгортванні „поўнамаштабнага наступу” на Марыупаль.
* * *
У перыяд з 31 студзеня па 5 лютага ў зоне баявых дзеянняў на Данбасе загінула не менш за 263 мірныя жыхары. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні ААН у „Твітэры”. 674 – атрымалі раненні. Сітуацыя на Данбасе застаецца надалей небяспечнай.
Спрэчныя паведамленні ідуць з Дэбальцава, ёсць інфармацыя, што горад апынуўся пад пагрозай «катла» з боку прарасейскіх сепаратыстаў. Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення МУС Украіны ў Данецкай вобласці Ілля Ківа адмаўляе паведамленні аб акружэнні ўкраінскіх вайскоўцаў у раёне горада Дэбальцава.
Тым часам сепаратысты сцвярджаюць, што перарэзалі «дарогу жыцця» на Дэбальцава. Яны паведамілі, што кантралююць населены пункт Логвінава, які непасрэдна прылягае да аўтадарогі Арцёмаўск — Дэбальцава. Шлях на Арцёмаўск — адзіная паўнавартасная транспартная артэрыя, якая звязвае групоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў у Дэбальцава з кантраляванай украінскімі ўладамі тэрыторыяй, па якой вывозяць уцекачоў.
Сёння ў другой палове дня ў Менску адбудзецца чарговае паседжанне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны з удзелам прадстаўнікоў т. зв. Луганскай і Данецкай Народных Рэспублік.
Заўтра гэтае пытанне ў Менску абмяркуюць лідары Нямеччыны, Францыі, Расеі і Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота news.pn