Сітуацыя ва Украіне адбілася на польскім турбізнесе



Польскі турыстычны бізнес адчуў на сабе наступствы палітычнай сітуацыі ва Украіне, у тым ліку ў Крыме. Калі раней гэты кірунак адпачынку быў дастаткова папулярным, у тым ліку з  прычыны яго таннасці, то цяпер у той жа Крым выпраўляюцца толькі адзінкі. «Можна сказаць, што гэты напрамак закрыты для нас», – адзначае Яўген Лаўранюк з адной з беластоцкіх турыстычных фірмаў. Паводле яго, сітуацыя не зменіцца да таго часу, пакуль не будзе зменаў у палітычным пытанні ва ўсходняй суседцы Польшчы:

-Можна сказаць, што паўгода паездкі польскіх турыстаў не толькі ў Крым, але і Львоў, Кіеў і іншыя гарады краіны спыніліся. Польскія турысты чакаюць паляпшэння палітычнай сітуацыі і не едуць зараз ва Украіну. А калі едуць, то толькі адзінкі. Наколькі я ведаю ад сваіх калегаў з іншых турфірмаў, яны не пасылаюць зараз сваіх турыстаў ва Украіну.

Як дадае наш суразмоўца, таксама зменшыўся паток расейскіх турыстаў у Польшчу, а раней, напрыклад, з Калінінградскай вобласці турысты вельмі ахвотна наведвалі Гданьск ды іншыя мясцовасці. Што тычыцца беларускага напрамку, то тут бізнес развіваецца добра, а пасля правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Менску – з’явілася большая зацікаўленасць у наведванні беларускай сталіцы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nsn.fm