Каронавірус у Польшчы: 18 выпадкаў заражэння (абноўлена)
У Польшчы 18 выпадкаў заражэння, дзве асобы ў “вельмі цяжкім стане”. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Анджэй Дуда ўвечары панядзелка пасля пасяджэння Бюро нацыянальнай бяспекі. Паводле прэзідэнта, сітуацыя ў Польшчы “дастаткова кантраляваная”, і папярэдзіў, што хворых на каронавірус у бліжэйшыя гадзіны і дні будзе ўсё больш. Таксама Анджэй Дуда заявіў, што ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса адмяняе ўсе масавыя выбарчыя сустрэчы, запланаваныя бліжэйшымі днямі. Польшча ўвяла санітарны і медыцынскі кантроль на граніцах з Чэхіяй і Нямеччынай, ад сёння такі самы кантроль мае дзейнічаць на граніцах з Украінай, Беларуссю і Расеяй.
* * *
Паводле інфармацыі падляшскага ваяводы, у рэгіёне ў сувязі з падазрэннем на каронавірус адзін чалавек знаходзіцца ў бальніцы, пяць чалавек – на каранціне і 228 чалавек – пад санітарным наглядам. На Падляшшы працуе восем інфекцыйных аддзяленняў, у якой бальніцы знаходзіцца асоба з падазрэннем на каронавірус – не паведамляецца.
Агулам у Польшчы 17 пацверджаных выпадкаў заражэння новым тыпам віруса. Краіна ўвяла санітарны і медыцынскі кантроль на граніцах з Нямеччынай і Чэхіяй, а з 10 сакавіка, уводзіцца адмысловы кантроль на граніцах з Украінай, Беларуссю і Расеяй. Кіроўцам і пасажырам будуць мераць тэмпературу, усе будуць абавязаныя запоўніць спецыяльную анкету. У выпадку падазрэння на каронавірус, чалавека адразу забяруць у бальніцу.
Беларускае Радыё Рацыя