Сітуацыя з каронавірусам у Польшчы



Міністэрства здароўя Польшчы паведаміла пра 117 новых пацверджаных тэстамі выпадкаў заражэння каронавірусам. Ведамства паведамляе пра смерць чарговых 6-ці чалавек. Да гэтага часу SARS-CoV-2 пацвердзіўся ў Польшчы ў 7049 чалавек, з якіх 251 чалавек памёр. Больш за 2,5 тысячы чалавек – шпіталізаваныя, і звыш шасцісот ужо выздаравелі. Больш за 150 тысяч ахопленыя каранцінам.

На Падляшшы зарэгістравана восем новых выпадкаў заражэння каронавірусам. Усяго зараз у Падляшскім ваяводстве налічваецца 246 пацверджаных выпадкаў заражэння COVID-19.

Як стала вядома, у аэрапорце Шапэна ў Варшаве прызямліўся транспартны самалёт Ан-225 „Мрыя”.  Самы вялікі і грузападымальны самалёт у свеце прывёз 100 тон грузу. Трансляцыю гэтай падзеі можна было паглядзець у Інтэрнэце.

„Мрыя” прывёз у Польшчу велізарную колькасць медыцынскага абсталявання з Кітая, закупленага кампаніямі KGHM і Lotos. Груз складаюць медыцынскія маскі, камбінезоны і шлемы, якія выкарыстоўваюцца для асабістага забеспячэння мэдперсаналу, які змагаецца з эпідэміяй каронавіруса ў Польшчы. Паводле дадзеных Міністэрства замежных спраў, закупленае  ў Кітаі медычнае абсталяванне налічвае 76 тон камбінезонаў, 11 тон масак і 9 тон медычных шлемаў, гэта значыць 96 тон тавараў.

Беларускае Радыё Рацыя