Скандал у асяроддзі беларусаў Вільні



У адной з найстарэйшых арганізацый беларусаў Літвы – Таварыстве беларускай культуры – адбыўся раскол. Яшчэ ў верасні Рада таварыства выказала недавер старшыні Хведару Нюньку. Падстава – справа абмену ў 2004 годзе памяшканняў, якія належалі Таварыству беларускай культуры ў цэнтры Вільні – на кватэру ў спальным раёне літоўскай сталіцы.

«Гэта спроба путчу», – каментуе сітуацыю шматгадовы старшыня арганізацыі Хведар Нюнька:

– Па сутнасці абвінавачванні абсурдныя. Калі б у нас нічога не было б на сённяшні дзень, а мы маем офіс, маем зямлю, усё гэта немалая вартасць, то такога скандалу не было б. Гэта зайздасць і жаданне авалодаць нашай маёмасцю.

Толькі сёлета з’явіліся дакументы, якія сведчаць, што былы старшыня Таварыства беларускай культуры даў згоду на нераўназначны абмен маёмасці і тым самым нанёс страты для арганізацыі, – кажа Алесь Адамковіч з рады Таварыства беларускай культуры ў Літве:

– У 2004 годзе адбыўся, мягка кажучы, нераўназначны абмен, можна нават сказаць, што гэта адзін з самых балючых момантаў у гісторыі ТБК, калі мы страцілі не проста прэстыжную маёмасць у цэнтры горада, а важнае знакавае гістарычнае месца, у якім яшчэ ў міжваеннай Вільні віравала беларускае жыццё.

Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве падала цывільны пазоў аб прызнанні абмену маёмасці арганізацыі ў 2004 годзе несапраўдным. Таксама складзена заява ў пракуратуру – частка Рады лічыць, што тагачасны старшыня здзейсніў злачынства.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя