Скрасці беларускія мары (2)
Два тыдні таму назад апісвалі мы ў «Ніве» ўзніклы закалот вакол прапановы прэзідэнта горада Беластока Тадэвуша Трускаляскага, ягоных намеснікаў Рафала Рудніцкага і Адама Мусюка пры падтрымцы радных Грамадзянскай кааліцыі, у тым ліку і яе праваслаўнай часткі, аб’яднання ў адзін школьны комплекс беларускага садка № 14 з пачатковай школай № 4. На практыцы абазначае гэта перспектыву ліквідацыі прадшколля і закалоту вакол навучання беларускай мове і ў самой школе. Пратэст бацькоў дзяцей тых цяперашніх, і тых былых, як і прыхільнікаў гэтых устаноў увогуле, якія за тры дні ў колькасці пад 800 рэальных асоб падпісаліся пад лістом-петыцыяй, схіліў уладароў горада сарганізаваць сустрэчу з бацькамі і прадстаўнікамі ў сераду 26 студзеня а 19 гадзіне вечара. Фармат сустрэчы і спіс яе ўдзельнікаў быў складзены гарадскім бокам. Пасля гадзіны сустрэчу пакінуў прэзідэнт Трускаляскі, спасылаючыся на іншыя, вельмі важныя абавязкі. Паводле відавочцаў, на тварах астатніх удзельнікаў чыноўніцка-ўладнай групоўкі была напісана, а ў іх паводзінах была бачна стома ад такога доўгага і цяжкага дня працы.
У той жа сам дзень, толькі з раніцы, дэпутат Сейма Роберт Тышкевіч, былы шматгадовы лідар падляшскай Грамадзянскай платформы ў інтэрв’ю для Радыё Рацыя наступнымі словамі пракаментаваў дзеянні сваіх палітычных калег, выканаўцаў беластоцкай самаўрадавай улады: «Лічу, што гэта вельмі дрэнная ідэя. Калі ідзе пра беларускае прадшколле ў Беластоку і ўвогуле прысутнасць беларусаў у Беластоку, то варта рабіць наадварот. Варта павялічваць колькасць такіх устаноў, бо адбываецца наплыў беларускай дыяспары. Беларусаў у Беластоку штораз больш. Думаю, што для нас павінна быць вельмі важным тое, каб іх тут было як найбольш, бо гэта карысна для нашага горада. Гэта людзі, якія шмат уносяць, вядуць бізнес, інвестуюць, добра інтэгруюцца. Шмат добрага дадаюць для функцыянавання нашай супольнасці. Таму думаю, што гэта была вельмі дрэнная ідэя». Ну што ж, як на далоні відаць, што меркаванні і інтарэс палітычны пасла Тышкевіча і прэзідэнта Трускаляскага чарговы раз разыходзяцца, або апынуліся на калізійным курсе. Дзеля поўнай яснасці ў гэтай справе трэба ведаць, што ад мінулага года новым лідарам Грамадзянскай платформы ў Беластоку з’яўляецца таксама пасол Сейма і заадно сын цяперашняга прэзідэнта горада Кшыштаф Трускаляскі. Палітычная страхоўка затым застаецца не толькі ўмоўна, але і рэальна ў сямейным крузе.
У афіцыйным камюніке беластоцкага магістрата, разасланым медыям пасля спаткання чытаем: «На сустрэчы па пытаннях развіцця і шляхоў падтрымкі вывучэння беларускай мове ў Беластоку прысутнічалі прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі, прадстаўнікі беларускай супольнасці: прафесар Алег Латышонак, Уршуля Іванюк, кіраўнічка аб’яднання АБ-БА, Яраслаў Вердоні і Марк Масальскі з „Форуму меншасцей Падляшша” і Юліта Сцепанюк – маці дзіцяці, якое наведвае дзіцячы садок № 14 у Беластоку. Улады горада таксама прадстаўлялі Рафал Рудніцкі – намеснік прэзідэнта горада, адказны за адукацыю, Адам Мусюк, намеснік прэзідэнта горада, і Веслава Цвікліньска, дырэктар дэпартамента адукацыі. Прысутнічалі таксама радныя Беластока Іаанна Місюк, Стэфан Нікіцюк і Ксенія Юхімовіч. Паводле слоў удзельнікаў сустрэчы, далейшыя планы горада па стварэнні комплексу беларускамоўных садка і школы будуць адбывацца ў супрацоўніцтве з беларускай меншасцю і ў адпаведнасці з яе патрэбамі».
У ходзе сустрэчы прафесар Алег Латышонак адчытаў спіс спраў і прапаноў бацькоў і беларускіх арганізацый, без якіх рэалізацыі не можа быць мовы пра якое-колечы стварэнне новай асветнай установы ў такім выглядзе, які бачаць яе зараз гарадскія ўлады. Тэкст перададзенай заявы з нашымі патрабаванні чытайце на старонцы …. Паводле ўсіх знакаў на небе і актуальных дзеянняў гарадской адміністрацыі відаць, што яна хоча як найхутчэй любымі рэсурсамі ажыццявіць сваю канцэпцыю. А гэта абазначае пагрозу і для саміх устаноў, і іх беларускасці так ва ўнутраным, як і вонкавым існаванні. Ну і зразумела, што кадравым, бо ж перад выбарамі кіраўніцтва імі трэба перадаць сваім палітычным стаўленікам. Нам тады нічога не застаецца, як прыняць той палітычны выклік і пайсці ў бой.
Яўген Вапа, тыднёвік „Ніва”, №6