Славамір Іванюк: Будуць маршы «Бурага» – будзем пратэставаць
У апошні дзень зімы ўльтраправыя нацыяналісты правялі аўтамабільны рэйд у гонар “Бурага” праз трасу ад Гайнаўкі да Нараўкі. Упершыню за апошнія 6 гадоў гэта быў менавіта рэйд, а не марш памяці ў самой Гайнаўцы, які намагаюцца праводзіць шавіністы. Жыхары Гайнаўкі ў адказ правялі акцыю ўшанавання памяці ахвяраў жаўнераў “Бурага”. МЗС Беларусі ў сваю чаргу на афіцыйным сайце выклала занепакоенасць праварадыкальнымі мерапрыемствамі ў месцах кампактнага пражывання этнічных беларусаў у Польшчы.
«Госць Рацыі» – намеснік старшыні Беларускага гістарычнага таварыства Славамір Іванюк разважае пра сітуацыю з “выклятымі жаўнерамі” на Падляшшы.
РР: Спадар Славамір, раскажыце калі ласка, хто ж такія «выклятыя жаўнеры»?
Славамір Іванюк: Пасляваенная сітуацыя на Беласточчыне, на Падляшшы ў 40-я гады складвалася зусім інакш, чым у іншых рэгіёнах Польшчы. Тут, на памежжы, дзе жылі беларусы ад пакаленняў, таксама жылі палякі, якія лічылі, што тут беларусаў не павінна быць – у дзяржаве польскай жывуць толькі палякі.
І дайшло да таго, што напачатку 1946 года адно з падраздзяленняў польскага войска падпольнага спаліла пяць беларускіх вёсак. Забілі больш чым 80 мірных жыхароў. Так што гэта вельмі яскравы прыклад таго, што першыя пасляваенныя гады не былі зусім добрымі для беларусаў.
Цяжка казаць, што людзі, якія рабілі гэтыя злачынствы, з’яўляюцца „выклятымі жаўнерамі”, героямі, калі глянем на гісторыю Польшчы. Для нас гэта злачынцы. Некаторыя асяродкі польскага грамадства лічаць, што гэта нейкія героі. Для мяне чалавек, які аддае загад спаліць вёску, каб забіваць мірных жыхароў, не можа быць героем. Гэта злачынца, якога трэба асудзіць і пасадзіць у турму. Я думаю, што тут – на Беласточчыне, большасць з гэтым не згаджаецца. Немагчыма, каб, напрыклад, у Гайнаўцы, адбываліся маршы, дзе «Буры», які ўзначальваў атрад, які паліў вёскі, выстаўляўся героем. Калі маршы будуць працягвацца, беларускае асяроддзе будзе пратэставаць супраць іх. Але таксама ёсць польскія асяродкі, якія гэтых «герояў» называюць злачынцамі. Пабачым, што будзе адбывацца ў наступныя гады. Думаю, што гэтыя польскія шавіністы не будуць прыязджаць на Беласточчыну. Бо многія з тых, хто ўдзельнічаў у маршах, прыязджалі з усёй Польшчы. Іх збіралася недзе 300 асоб. Думаю, што ўлады таксама павінны выступіць супраць такой дзейнасці грамадзян Польшчы. Бо гэта дрэнна сведчыць пра ўлады, што ў Польшчы славяць не герояў, а бандытаў.
РР: На ваш погляд, чаму фігура «Бурага» стала цэнтральнай у гэтым руху «выклятых жаўнераў»?
Славамір Іванюк: «Буры» ўзначальваў тут адзін з буйнейшых аддзелаў польскага падполля. Трэба сказаць, што ён змагаўся з афіцыйным польскім войскам, з міліцыянерамі, так што ён нейкім чынам змагаўся за незалежную Польскую дзяржаву, супраць камуністаў. Але калі ён здзейсніў такія злачынствы, то нельга яго ўключаць у пантэон герояў. Трэба казаць, што так, быў такі, але калі ён рабіў злачынствы, то мусіць быць у спісе злачынцаў, а не ў спісе герояў.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя