Славамір Іванюк: Гэту справу трэба завершыць на дзяржаўным роўні



“Не хапае ў гэтай кнізе заканчэння, што нам рабіць далей” – так пракаментаваў з’яўленне новай кнігі пра выклятых жаўнераў гісторык, сябра Беларускага Гістарычнага Таварыства Славамір Іванюк.

Кніга “Выклятыя жаўнеры. Беласточчына (1945-1947)” выйшла ў свет у канцы ліпеня ў выдавецтве Фонду князя Канстанціна Астрожскага. Там змешчаныя сведчанні людзей.

“Нам трэба імкнуцца да таго, каб гэтую справу завяршыць на дзяржаўным роўні”, – кажа гісторык:

– Калі такія ўстановы як ІПН публікуюць кніжку пра „Бурага”, мы з такімі ўстановамі не можам проста змагацца. Але можам сказаць, што гэты суд ужо ў дэмакратычнай Польшчы з 1995 года, – гэта судовая памылка. Гэта так трэба бачыць. Нам трэба дамагацца, каб юрысты неяк гэта аформілі, афіцыйна склаўшы звароты ў дзяржаўныя установы.

Адказны  за злачынствы супраць мірнага беларускага насельніцтва Беласточчыны  капітан Рамуальд Райс, псеўданім „Буры”, быў прыгавораны да смяротнага пакарання, прысуд быў здзейснены ў снежні 1949 года.  У верасні 1995 года ўжо ў новай дэмакратычнай Польшчы Варшаўскі вайсковы суд адхіліў абвінавачванні ў дачыненні да “Бурага”, матывуючы, што “змагаўся ён за незалежнасць польскай дзяржавы”.

Але ў канчатковых выніках следства ў справе пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне і смерці вазакоў, з 2005 года пракурор ІПН напісаў, што дзейнасць „Бурага” нельга атаясамліваць са змаганнем за незалежнасць Польшчы.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя