Славамір Іванюк: Ураднікі мусяць ведаць праблемы нацменшасцяў



Сёння нашу студыю наведаў Славамір Іванюк – прадстаўнік Беларускага саюза ў Польшчы, супольнай камісіі польскага ўрада і нацыянальнай меншасці.

іванюк_славамір

15 чэрвеня ў Варшаве праходзіла пасяджэнне гэтай камісіі. У Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, якому падпарадкаваны справы нацыянальных меншасцяў, былі запрошаны прадстаўнікі меншасных арганізацый. На павестцы дня былі, між іншым, змены ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Гэта перадусім тычыцца польскага радыё і тэлебачання, а таксама праграм нацыянальных меншасцяў.

РР: Што Вы пачулі там? Будзе гэтых праграм больш ці менш? Як гэта закране нас, беларусаў на Падляшшы?

Славамір Іванюк: Што будзе – пабачым. Ніхто пакуль не ведае, што атрымаецца. Некаторыя пытанні ўскладніліся для польскага ўрада. Паколькі змены ў масавых сродках інфармацыі павінны быць ацэненыя міжнароднымі інстытуцыямі, то ўсе праекты, якія тычацца медыя ў Польшчы, перасланы ў адпаведныя ўстановы Еўразвяза. І там яны могуць ляжаць паўгода-год. Таму зараз маем статус-кво.

На маю думку, тут ёсць яшчэ адна рэч. Грошы. І гэта нялёгкая справа.

РР: А я нагадаю, што 20 хвілін на польскім тэлебачанні “Беласток” кожны тыдзень працягваецца беларуская праграма. У польскім радыё “Беласток” – кожны дзень па 15 хвілін і ў выходныя па 30 хвілін. Гэта значыць, што пакуль што зменаў тут не чакаецца?

Славамір Іванюк: Пакуль зменаў не будзе. Але гэта залежыць і ад самога аддзялення польскага тэлебачання ці радыё ў Беластоку, як кіраўніцтва падыдзе да гэтых спраў.

Думаю, усё стане больш ясна восенню. Тады будзе вядома: адведзенага на беларускія праграмы часу будзе больш ці столькі ж застанецца.

РР: А што з друкаваным словам? Найбольшы беларускі перыёдык у Польшчы “Ніва”, які выходзіць кожны тыдзень. І беларуска-польскі штомесячнік “Czasopis ”. Ці пра друкаваныя органы розных арганізацый нацменшасцяў ішла гаворка на той сустрэчы?

Славамір Іванюк: Не, не гаварылі. Бо гэта іншае пытанне. Гэта датацыі з міністэрства, якія яно раздае раз у год. Таму, думаю, будуць дафінансаваныя гэтыя перыёдыкі, як і іншыя меншасныя выданні. Мяркую, што тут зменаў не будзе.

Праўда, тут толькі адна змена – усё даражэе. Гэта і друк, і арэнда памяшкання. А датацыі застаюцца на тым жа ўзроўні, якія былі год ці 10 гадоў таму. Таму штогод становіцца цяжэй.

РР: Адным з галоўных фундаментаў захавання сваёй тоеснасці нацыянальнымі меншасцямі ёсць адукацыя. Ці гаварылі пра беларускія падручнікі, пра магчымасці падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў моў нацыянальных меншасцяў?

Славамір Іванюк: Пра саму адукацыю ўчора нічога не гаварылі. Бо атрымалі матэрыялы толькі раніцай, перад пасяджэннем камісіі на гэту тэму. І мы перанеслі гэты пункт на наступную сустрэчу. Таму маем час падумаць, што з гэтым зрабіць.

Сітуацыя з адукацыяй нацменшасці выглядае не зусім добра. І гэта меркаванне не толькі беларускіх кругоў, але і іншых меншасцяў. Калі дзяржава прызначае велізарныя грошы на навучанне меншасных моў – а гэта мільёны злотых, – то яны павінны быць добра выкарыстаны. Я думаю, што мы, беларусы, добра выкарыстоўваем іх. Нашы самаўраднікі – таксама. Але ад іншых меншасцяў штораз больш чуем, што ўраднікі бяруць гэтыя грошы як мэтную датацыю і неяк перазначаюць гэтыя грошы: яны ідуць ці на тратуары, ці на дарогі, ці на нешта іншае, але не на адукацыю.

РР: Тут таксама бачу такі пункт, як падвышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў адміністрацыі органаў мясцовага самакіравання, каб яны ведалі праблемы нацыянальных і этнічных меншасцяў. У Беластоку мы, як не дзіўна, на кожным кроку сутыкаемся з неразуменнем патрэбаў нацыянальнай меншасці з боку чыноўнікаў, якія часта паказваюць, што гэта маргінальныя праблемы. Што можна тут зрабіць?

Славамір Іванюк: У большасці, так. Праблемы нацменшасцяў насамрэч з’яўляюцца маргінальнымі для ўладаў. Дагэтуль няма зразумення. Калі мы чуем з розных куткоў Польшчы ад іншых меншасцяў, што ўлады горада ці гміны не хочуць нават сустрэцца з прадстаўнікамі арганізацый нацменшасцяў, то пра што тут гаварыць?.. Няма ніякага зруху, каб рэалізаваць дзяржаўныя законы ў Польшчы. Ураднікі не хочуць ведаць пра гэтыя законы. Таму трэба іх адукаваць. Спадзяюся, міністэрства зробіць нейкі праект, план, каб неяк дастасаваць гэтых ураднікаў да нармальнага  жыцця грамадзян Польшчы.

РР: Які сэнс Вы бачыце ў працы гэтай камісіі? Ці такія сустрэчы змяняюць сітуацыю ў лепшы бок?

Славамір Іванюк: Такія сустрэчы патрэбны. Перадусім для нас. Бо мы сустракаемся ў сваім меншасным крузе, гаворым пра нашы праблемы. Натуральна, ёсць розныя праблемы ў розных нацыянальных меншасцяў, але ёсць і супольныя. І мы стараемся вырашыць іх у межах нашага круга, а таксама прадставіць урадаваму боку.

Са Славамірам Іванюком гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя