Службовы сабака выкрыў кантрабанду
Кантрабанду ў 3100 пачак цыгарэт затрымалі польскія мытнікі ў памежным кантрольна-прапускным пункце Кузніца. Дапамог выкрыць цыгарэты ў грамадзяніна Беларусі службовы сабака, распавёў прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі.
– Супрацоўнікі мытна-падатковай службы з Кузніцы абралі для дагляду аўтамабіль Audi, якім кіроўца (24-гадовы грамадзянін Беларусі) спрабаваў уехаць у Польшчу праз так званы «зялёны калідор». У час дагляду, у якім удзельнічаў сабака Іга, навучаны выяўляць цыгарэты, высветлілася, што ў аўтамабілі была схавана тытунёвая кантрабанда. Нелегальныя цыгарэты, рынкавы кошт якіх больш за 40 тысяч злотых, былі схаваныя, між іншым, у цыліндры на газ, дзверах, сядзеннях і багажніку нямецкага аўтамабіля.
Супраць кіроўцы пачата крымінальная справа, канфіскавалі ў яго кантрабандныя цыгарэты і аўтамабіль, прыстасаваны для перавозкі кантрабанды. Беларускаму кіроўцу пагражае высокі штраф.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя