“Спасаўскія запусты” ў Бельску-Падляшскім
Чарговыя “Спасаўскія запусты” ў Бельску 26-ыя па ліку і першыя, якія адбыліся ва ўмовах пандэміі.
Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што традыцыйна мерапрыемства ладзіцца на пленэры, а таксама таму, што бяльшчане вельмі чакалі яго. Кажуць арганізатары фестывалю дырэктар Дома культуры ў Бельску Эльжбета Фіёнік і старшыня ўправы Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Бельску Васіль Ляшчынскі:
– Нас напужаў той каронавірус, але падумалі, што добра было б, каб людзі не забывалі нашыя “Спасаўскія запусты”.
– Людзі наогул пыталіся пра “Спасаўскія запусты” ўжо даўно. І ці яны наогул будуць. Вядома, як жа можа быць лета без “Спасаўскіх запустаў” у Бельску.
У параўнанні з папярэднімі, сёлетнія “Спасаўскія запусты” значна больш сціплыя. Адна з галоўных прычын – пандэмія. Менавіта яна стала перашкодай для прыезду беларускіх калектываў. Але на сцэне апроч артыстаў з Бельска ўсё ж такі выступілі і нешматлікія госці – з іншых гарадоў Падляшша. Кажа кіраўнік сямейнага ансамбля “Трыяда” Аня Пятроўская:
– Ведаем, што гэтае мерапрыемства вельмі цікавае. Вядома, у кожнага ёсць нейкія такія хваляванні – ехаць, не ехаць у сувязі з гэтай пандэміяй. Але мы падумалі, што ёсць сродкі для дэзінфекцыі рук, маскі. І калі не будзем штурхацца ў натоўпе людзей, думаю, што ўсё будзе добра.
“Спасаўскія запусты” – не першае пленэрнае мерапрыемства, якое ладзіцца ў Бельску ва ўмовах пандэміі. Але менавіта яно сабрала найбольшую колькасць гледачоў. А гэта значыць – фестываль патрэбны, сцвярджаюць арганізатары “Спасаўскіх запустаў”.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя