Споўнілася 69 гадоў з дня трагедыі ў вёсцы Заляшаны
Сёння, як і кожны год 29 студзеня, ля крыжа ў вёсцы Заляшаны збяруцца мясцовыя жыхары разам са святаром, каб узгадаць памяць бязвінна забітых 69 гадоў таму.
Вайскоўцы польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса „Бурага” сагналі жыхароў вёскі ў адну хату, вёску падпалілі.
29 студзеня ў Заляшанах загінула 16 чалавек, у тым ліку – дзеці. “Найбольш пацярпела сям’я майго дзядулі,” – гаворыць заснавальніца манастыра ў Заляшанах сястра Елізавета:
– Цёця гаварыла, што нават цяпер, калі запальвае агонь у пліце, бачыць іх усіх. І думае, што яны мусілі выцерпець, калі варта да агню толькі дакрануцца, адчуваеш такі боль. А яны гарэлі ў гэтым полымі! Найбольш закранула гэтая бяда майго дзядулю. Ён пахаваў зараз усіх сваіх блізкіх: жонку, дзетак, брата з ягонай жонкай. Гэта ніколі не сатрэцца з памяці.
29 студзеня 1946 года вёска была знішчана аддзелам польскага ўзброеннага падполля „Pogotowia Akcji Specjalnej Narodowego Zjednoczenia Wojskowego” пад камандваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім „Буры”. 2 лютага былі пацыфікаваныя вёскі Шпакі, Зане і Канцавізна.
Раней, 31 студзеня, ля вёскі Пухалы Старыя былі закатаваныя вазакі.
Цягам 5 дзён “рэйду Бурага” загінула каля 90 мірных жыхароў беларускіх вёсак. Усе яны загінулі па нацыянальным прызнаку, прызнаў ў выніку расследвання Інстытут нацыянальнай памяці ў Беластоку.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота poranny.pl
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.