Споўнілася 76 гадоў з дня трагічных падзеяў у вёсцы Патока на Беласточчыне
16 траўня споўнілася 76 гадоў з дня трагічных падзеяў у вёсцы Патока на Беласточчыне. У гэты дзень эскадрон пад камандаваннем Зыгмунта Блажэевіча (мянушка “Зыгмунт”) 5-й віленскай брыгады Арміі Краёвай, якой камандаваў Зыгмунт Шэндзеляж („Лупашка”), расстраляў 4-х жыхароў вёскі – братоў Яна і Уладзіміра Малашэўскіх, а таксама Яна і Уладзіміра Бекішаў (бацька і сын).
Вось архіўныя ўспаміны Анатоля Бекіша і Ніны Юзвовіч з дому Малашэўскіх:
– І прыйшлі на панадворак, мяне пасадзілі пад сцяной_ каля хаты бацькі ля студні. Бачу, што бацька перахрысціўся, і яго забілі. Я пайшоў дахаты, там забілі брата Улада, каля ложка ён ляжаў, яму было 17 год.
– І майго бацьку там забілі пад плотам. Я пабегла туды. Разбітая галава, твар, кроў, сядзе там, дзве кулі…
Гэты аддзел прыехаў у Патоку 22 траўня 1945 года. Тады салдаты „Лупашкі” цалкам спалілі вёску:
– А яны на конях ездзілі і падпальвалі. Яны выйшлі з майдану, іх было 200 чалавек. Прыехалі, забралі мужчын, завезлі іх за вёску, паклалі ў роў і сказалі ім, што як палілася Гарэймова, так будзеце паліцца і вы. І калі з нас хто згіне, то вы да хат не вернецеся. Палавіна хат згарэла – выпусцілі і прыйшлі.
У пажары загінула трое дзяцей і дарослых мужчына. Ужо некалькі год запар 22 траўня ў 17 гадзін жыхары Патокі разам з мясцовым святаром Аляксандрам Аляксеюкам моляцца тут за бязвінна загінулых.
Маёр Зыгмунт Шэндзеляж („Лупашка”) быў прысуджаны да смяротнага пакарання судом народнай Польшчы. Пасля змены палітычнага ладу, прысуд быў адменены, а Зыгмунт Шэндзеляж („Лупашка”) трапіў у пантэон “выклятых жаўнераў” антыкамуністычнага супраціву. З 2018 года ў Беластоку па ініцыятыве райцаў ад „Права і Справядлівасці” назвалі адну з вуліц горада ў гонар “Лупашкі”.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя