Справа беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім
Ёсць рэакцыя падляшскага Куратара асветы на прэс-канферэнцыю, якая прайшла ў нядзелю, 14 мая, з удзелам прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці, дырэктараў ліцэяў і прадстаўнікоў бацькоўскай Рады.
У абодвух ліцэях усе вучні яшчэ пры паступленні ў гэтыя школы дэкларавалі, што будуць вывучаць беларускую мову. Летась у верасні вучні выпускных класаў Бельскага ліцэя адмовіліся вывучаць беларускую мову, і ў гэтым іх падтрымала Кураторыя асветы, паводле якой адмова ад вывучэння мовы нацменшасці ёсць правам кожнага, і што гэта не абавязвае вучняў пакідаць сцены ліцэя.
Кураторыя асветы, карыстаючыся фармальнымі прычынамі, плануе змяніць статуты ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім у пытанні абавязку вывучэння беларускай мовы. На гэты момант у статутах такі абавязак запісаны. На думку прадстаўнікоў нацменшасці, гэта стварае шлях для знішчэння беларускай адукацыі.
Кураторыя асветы заяўляе, што не вядзе ніякай дзейнасці супраць беларускай нацыянальнай меншасці. Пра гэта гаворыцца ў каментары падляшскага куратара асветы Беаты Петрушка, які быў распаўсюджаны сёння як адказ на матэрыял у выданні “Кур’ер Паранны” па выніках учарашняй прэсавай канферэнцыі.
У сваю чаргу прадстаўнікі нацменшасці заклікаюць падпісваць петыцыю на адрас Кураторыі і Міністэрства адукацыі з заклікам захаваць цяперашні характар адукацыі ў беларускіх ліцэях.
Беларускае Радыё Рацыя