Справа вуліцы „Лупашкі” ў Беластоку трапіць у суд
Справа вуліцы „Лупашкі” ў Беластоку. Сёння, 23 снежня, Рада горада прыняла рашэнне накіраваць скаргу ў адміністрацыйны суд на рашэнне падляшскага ваяводы ў справе вуліцы „Лупашкі”.
Прыгадаем, што ваявода Богдан Пашкоўскі прыпыніў дзеянне ранейшай пастановы радных, каб вуліцу Лупашкі перайменаваць у вуліцу Падляшскую.
Кажа радны ад „Форуму меншасцяў Падляшша” Стэфан Нікіцюк:
– Прагаласавала 12 радных, каб скіраваць справу да адміністацыйнага суда, а 11 радных – супраць. І цяпер мае права звярнуцца ў суд. І вынік такі, што звяртаемся да суда. А што суд скажа? Суд справядлівы.
Вуліца ў гонар маёра Зыгмунда Шэндзеляжа псеўданім “Лупашка” з’явілася ў мікрараёне Скарупы ў Беластоку летась у красавіку паводле ініцыятывы радных „Права і Справядлівасці”. Назва вуліцы выклікала вялікія эмоцыі, на шыльдах з’яўляліся надпісы “забойца”. Сёлета ў кастрычніку радныя ад „Форуму меншасцяў Падляшша” выступілі з ініцыятывай змены назвы вуліцы, па выніках галасавання перавагай у адзін голас была прынятая адпаведная пастанова, якую ануляваў ваявода. Цяпер зноў жа перавагай у адзін голас справа трапіць у суд.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя