Спробы нелегальнага пераходу польскай мяжы з боку Беларусі працягваюцца
З тэрыторыі Беларусі ў Польшчу ноччу спрабавалі перабрацца 48 нелегальных мігрантаў, паведамляе польская памежная служба. На ўчастку каля Крынак група з 24 іракцаў паплыла праз раку Свіслач на польскі бок на пантоне. Паводле польскіх памежнікаў, мігрантам дапамагалі беларускія службы. Парушальнікаў мяжы на польскім баку затрымалі.

Тым часам Гайнаўскае культурніцкае таварыства «Pocztówka» анансавала сацыяльную кампанію накіраваную на жыхароў памежных раёнаў Польшчы, якія апынуліся ахопленыя станам надзвычайнага становішча.
Калядны час павінен быць спакойным, цёплым і праведзены ў коле сям’і. Як загадвае традыцыя – вандроўніка чакае адно вольнае месца за сталом. Аднак на мяжы сёлета сітуацыя крыху іншая… Жыхары памежных вёсак, ахопленых зонай забароны прыбывання, прыгнечаныя сітуацыяй і асуджаныя на адзіноту. Каб яны не адчувалі сябе адзінокімі, 2 студзеня Гайнаўскае культурніцкае таварыства «Pocztówka» арганізуе сустрэчу жыхароў — сумесную калядную вячэру.
„Будзем упрыгожваць стол, разам есці калядныя стравы, спяваць калядныя песні — польскія, беларускія, украінскія, але таксама французскія, іспанскія, грэчаскія і нямецкія, бо нас будуць суправаджаць міжнародныя валанцёры з праграмы Еўрапейскага корпуса салідарнасці”, – адзначаюць арганізатары.
Ідэя сустрэчы — паказаць жыхарам памежных вёсак, што яны не самотныя, што недзе ў глыбіні Польшчы і за мяжой ёсць людзі, якія хочуць дапамагчы адзначыць свята.
Беларускае Радыё Рацыя
