Спявачка Руся стала ахвярай беластоцкага рабаўніка (абноўлена)
Сёння ўночы ў Беластоку недалёка ад крамы па вуліцы Складоўскай рабаўнік напаў на вядомую беларускую спявачку Русю.
„Скрасці яму нічога не ўдалося дзякуючы майму моцнаму голасу і добрым людзям, якія прыйшлі на дапамогу”, – паведаміла Руся:
– Увечары вярталася дадому з крамы. І вось напаў на мяне мужчына, хацеў забраць торбу, грошы – абрабаваць. Людзі на вуліцы звярнулі на гэта ўвагу і дапамаглі. Нягледзячы на паездкі ў шпіталь і пастарунак, усё скончылася добра. Сёння паеду дадому, бо дзясятага ў нас у Менску канцэрт з „Shuma”. У Беластоку такія добразычлівыя людзі, ніхто не прайшоў міма. Нейкі беластоцкі мужчына пабег за гэтым бандытам, схапіў яго ў парку і дапамог паліцыі забраць яго ў пастарунак, так што цяпер маю нейкага таемнага беластоцкага “самурая”, які мяне абараніў.
Ужо сёння спявачка з’язджае з Беластока, аднак яна адзначыла, што, акрамя непрыемнага начнога інцыдэнту з рабаўніком, у яе застануцца толькі добрыя ўражанні ад горада.
Яшчэ сёння рабаўнік, які напаў на беларускую спявачку Русю, трапіць пад арышт. Напад на грамадзянку Беларусі – гэта ўжо чарговае злачынства, якое здзейсніў 32-гадовы рабаўнік. Пра гэта паведаміў прадстаўнік прэс-службы падляшскай паліцыі Анджэй Бараноўскі:
– Затрыманы правёў ноч у паліцыі пад арыштам. Цяпер за здзейсненае ён адкажа перад судом, мужчына пачуе абвінавачанні ў разбоі, гэтае злачынства прадугледжвае пакаранне нават да 12 гадоў пазбаўлення волі. Сёння таксама будзе прынята рашэнне пра яго далейшае ўтрыманне пад вартай.
Беларуская спявачка знаходзілася ў горадзе з прыватным візітам. У выніку нападу ў яе была разбітая галава, але пасля непрацяглай шпіталізацыі яна паехала ў Беларусь, паколькі ўжо заўтра выступае з канцэртам у Менску.
Руся была ў складзе гурта „Індыга” прызнанага пераможцам фестывалю „Басовішча” (2003), а на цырымоніі „Рок-Каранацыя-2005” атрымала статус „рок-князёўны”.
У 2011 заснавала ўласны сольны праект „Shuma”, у якім народныя спевы спалучаюцца з электроннай музыкай.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Аляксандра Навіцкага