Спыненая найбуйнейшая ў гісторыі спроба кантрабанды цыгарэт з Беларусі



На польскай граніцы спынілі найбуйнейшую ў гісторыі спробу кантрабанды цыгарэт з Беларусі. У пункце пропуску “Кузніца” спынілі кантрабанду, якая перавышае 1,8 мільёна пачак цыгарэт.

Паведамляецца, што пры аглядзе двух грузавых аўтамабіляў на польскіх нумарах, якія ўязджалі ў краіну, у прычэпах замест заяўленых дошак знайшлі цыгарэты без польскіх акцызных марак. Арыенціровачны кошт тавару перавышае 27 мільёнаў злотых. Паслухаем паведамленне прэс-службы Падляшскага аддзела падатковай адміністрацыі:

– Гэта самая буйная ў гісторыі спроба кантрабанды цыгарэт цераз польскія памежныя пераходы. Калі б незаконныя тавары былі прададзеныя, дзяржаўная казна страціла б больш за 44,8 млн злотых (блізу 12,1 млн долараў). Пачата расследаванне ў дачыненні да 3 грамадзян Польшчы (2 кіроўцаў і іх зменшчыка), якое праводзяць супрацоўнікі Падляшскага падраздзялення памежнай службы.

Трое грамадзян Польшчы арыштаваныя на тры месяцы. Ім пагражае пазбаўленне волі да 10-ці гадоў. Канфіскаваныя цыгарэты і транспартныя сродкі далучаныя да матэрыялаў справы. Акрамя таго, супрацоўнікі пагранічнага атрада выявілі змяненне кузаўнога нумара адной з канфіскаваных грузавых машын.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: podlaskie.kas.gov.pl