„Стаднёўка” ў Бельскім беларускім ліцэі



У Другім агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім адгулялі традыцыйны ў польскіх школах баль – “Стаднёўку”. Гэта вялікае свята, перадусім для вучняў, якія рыхтаваліся некалькі тыдняў: упрыгожвалі школьныя памяшканні ды вучыліся танцаваць паланез, з якога і пачынаецца мерапрыемства. На думку вучняў, гэта важнейшая падзея ў іх жыцці:

– Гэта баль з нашымі сябрамі, настаўнікамі.

– Тут ужо такая традыцыя, што “Стаднёўкі” робяць у школе. Мы вырашылі таксама падтрымаць гэтую традыцыю.

– Большасць дзяўчын мае доўгія сукенкі. Вельмі важны вечар.

– Я б яшчэ тут застаўся, але трэба здаваць экзамены і ісці далей. Такой атмасферы, якая была тут, не будзе ні ў студэнцкія гады, ні падчас працы. Напэўна буду сумаваць.

Першы экзамен на атэстат сталасці пройдзе 4 траўня. Вучні Бельскага беларускага ліцэя таксама будуць здаваць экзамен па беларускай мове.

 [Not a valid template]

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск Падляшскі

Фота аўтара