Стала нас больш, хоць менш!
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне у Польшчы (GUS) абнародавала канчатковыя вынікі перапісу насельніцтва краіны з 2021 года.
Нас цікавяць найперш вынікі па пытаннях нацыянальнасці, моваў і рэлігіі.
Вынікі агучаныя (прынамсі тыя даступныя) у маштабе краіны і паасобных ваяводстваў, ды нацыянальнасцяў, якія пражываюць ў Польшчы і ёсць яе грамадзянамі.
Свядома пішу пра нацыянальнасці (нацыянальна-этнічную ідэнтычнасць, бо гэтага датычыла пытанне перапісу) а не нацыянальных меншасцяў.
Чаму?
Паводле закону з 2005 года ў Польшчы акрамя палякаў пражываюць грамадзяне, якія залічаны да нацыянальных і этнічных меншасцяў.
Гэта беларусы, украінцы, расейцы, чэхі, славакі, немцы, літоўцы, габрэі (жыды) і армяне. У іх ёсць свае Бацькаўшчыны-дзяржавы.
Этнічнымі меншасцямі ёсць караімы, лэмкі, ромы (цыганы) і татары. Не маюць сваіх дзяржаваў. Вылучана таксама адна рэгіянальная мова – кашубская.
Іншыя нацыянальнасці, якія пазначаны ў спісе, гэта проста людзі, якія з тых ці іншых прычын ёсць польскімі грамадзянамі, а лічаць сябе таксама палякамі і не палякамі.
Гэта не так проста для разумення. У перапісе можна было пазначыць больш чым адну нацыянальнасць.
Для прыкладу: адчуваю сябе беларусам і толькі беларусам або, беларусам, але і палякам.
У пытаннях пра рэлігію і веравызнанне можна было адказаць на пытанне, якога я веравызнання?, але гэта не быў абавязак.
Частка 1. Нацыянальнасці Польшчы ў 2021 годзе
У Польшчы пражывае 38 036 118 грамадзян, з якіх 1 241 870 лічаць сябе «і не палякамі», значыць указалі ў перапісе адну нацыянальнасць не польскую.
Калі справа датычыць нацыянальных «законных» меншасцяў, справы выглядаюць так.
Найбольш грамадзян Польшчы назвала сваю нацыянальнасць нямецкай – 144 171, на другім месцы украінская – 82 440 і на трэцім беларуская – 56 607. Далей габрэйская – 17 156, расейская – 15 994, ромская – 13 303, літоўская – 10 287, а 13 607 назвала сябе лэмкамі. На жаль, пра ішыя нацыянальныя і этнічныя меншасці ў выніках перапісу няма дэталяў. Затое нацыянальнай меншасцю сябе назвала 179 685 кашубаў. Яны фактычна толькі моўная меншасць паводле закону. І што важнае шлёнзакамі як нацыянальнай меншасцю лічаць сябе 596 224 грамадзян. Хоць фактычна паводле закону няма такой нацыянальнай меншасці ў Польшчы як шлёнзакі (сілезцы). З дадзеных перапісу не знаходзіцца інфармацыі пра татараў і караімаў.
У перапісе значная група грамадзян краіны ўказала яшчэ іншую нацыянальнасць.
А менавіта:
У Польшчы пражывае польскіх грамадзян, якія лічаць сябе ангельцамі, – 54 424, амерыканцамі – 27 756, французамі – 14 739, ірляндцамі – 11 638, галяндцамі – 10 256 і італьянцамі – 19 980.
Астатніх меншых па колькасці «не палякаў» налічваецца разам 167 330 грамадзян. Ды неакрэсленай нацыянальнасці маем 11 128 польскіх грамадзян.
Падляшскаяе ваяводства
На Падляшшы на 1 154 283 жыхароў «ня польскай» нацыянальнасці пражывае няшмат, бо іх 37 797 чалавек (крыху больш за 3%). Сярод іх 23 242 заявіла сваю нацыянальнасць беларускай, 4 550 – літоўскай, 2 148 – украінскай, 979 чалавек расейскай, 915 нямецкай, 365 жыдоўскай, ромскай 257 і лэмкоўскай 100 . Гэта з ліку нацыянальных і этнічных мешасцяў. Да таго яшчэ сваю нацыянальнасць заявіла 131 шлёнзакаў і 57 кашубаў. Таксама «ня польскай» нацыянальнасці на Падляшшы пражывае 2623 амерыканскай, 1875 ангельскай, 197 францускай, 125 ірляндскай, 178 нідэрляндскай, 498 італьянскай. Іншых меншых па колькасці «не палякаў» налічваецца разам 5 585 жыхароў Падляшша, ды сваёй нацыянальнасці не здолела назваць яшчэ 458 чалавек. З дадзеных перапісу не знаходзіцца інфармацыі пра татараў, караімаў і армянаў.
Беларусы
Калі ў маштабе краіны сваю нацыянальнасць як беларускую заявіла 56 607 дык з іх на Падляшшы пражывае 23 242. Гэта 41% ад усіх польскіх беларусаў.
Для параўнання 20 гадоў таму на 49 тысяч прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці аж 95% пражывала на Падляшшы. А цяпер толькі 41%. Што здарылася і чаму? Гэта тэма далейшых аналізаў, роздумаў і даследаванняў.
А наступным разам напішу пра беларусаў і іншыя нацыянальнасці ў некаторых асобных ваяводстах.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя