Стала нас больш. Хоць менш. Частка 2
Перапіс насельніцтва Польшчы 2021 – нацыянальнасці па рэгіёнах
З аднаго боку радуе, што беларускую нацыянальнасць у апошнім перапісе налельніцтва заявіла больш за 56 тысяч грамадзян Польшчы, але з іншага, на Падляшшы нас стала менш.
За апошнія 20 гадоў амаль на палову.
Бо калі ў 2001 годзе 95% (46 тысяч) беларусаў пражывала ў Падляшскім ваяводстве, зараз нас на этнічнай радзіме ўсяго 41% (23 тысячы).
Астатнія, маўляў, рассеяліся па ўсіх рэгіёнах краіны. І гэта не да канца праўда. Бо да гэтых астатніх залічаны і беларусы, якія эмігравалі з Беларусі і атрымалі польскае грамадзянства.
Бо і сапраўды амаль ва ўсіх ваяводствах Польшчы акрамя Падляшша лік беларусаў павялічыўся нават у 10-15 разоў. Для прыкладу. У ваяводстве Ніжнасілезкім (Dolnośląskim) у 2001 годзе з беларускай ідэнтычнасцю атаясамлівалася 150 (сто пяцьдзесят) жыхароў.
Цяпер (2021 год) 3072 жыхароў ваяводства. У ваяводстве Мазавецкім было на пачатку стагоддзя 761 беларусаў, а 20 гадоў пазней 9271 назвала сваю нацыянальнасць беларускай. У Паморскім ваяводстве было 166 жыхароў з беларускай ідэнтычнасцю, а ў апошнім перапісе 2632 асобы. Найменш беларусаў зараз пражывае ў Апольскім ваяводстве – 486 чалавек (у 2001 годзе было 20) і ў Свентакжыскім – 743 (было 13). Так што колькасць беларусаў павялічылася. І так у кожным рэгіёне. Акрамя Падляшша.
Прычынаў некалькі такой статыстыкі.
Па-першае, міграцыя пераважна маладых беларусаў з Падляшша ў глыб Польшчы і за мяжу. За працай, за лепшым жыццём, ці ў новую сямю. Беласток сярод 16-ці ваяводскіх гарадоў у Польшчы мае самы найгоршы паказчык для жыцця. Затым і далей – дэмаграфія. Выміранне і што за гэтым – беларускі этнічны абшар паступова абязлюднівае. Менавіта ў Падляшскім і Люблінскім ваяводствах найбольшы адмоўны паказчых унутранай міграцыі (міграцыі ўнутры краіны) – каля 10%. А калі гаварыць пра раёны усходняй Беласточчыны, дык дасягае і 15, а нават і 20%. Дадаючы да гэтага паскораны працэс вымірання старэйшых жыхароў, маем тое што маем. Сумны, але натуральны і часткова зразумелы працэс. У канчатковым выніку большасць грамадзян Польшчы беларускай нацыянальнасці – 34 тысячы (59%) пражывае цяпер па-за сваім этнічным абшарам Усходнім Падляшшам – 23 тысячы (41%). Статыстыку на нашую карысць ратуе эміграцыя з Беларусі, якая папаўняе лік свядомых беларусаў. Таксама і ў Падляшскім ваяводстве, але як відаць «адток» перавышае «прыток».
Дарэчы сярод усіх нацыянальных меншасцяў, якія пражываюць на Падляшшы, за апошнія 20 гадоў паменшала толькі беларусаў (удвая) і цыганоў (на траціну). Літоўцаў таксама стала менш, але нязначна: было 5156 на Падляшшы ў 2001 годзе, а зараз 4550 атаясамліваецца з літоўскай нацыянальнасцю.
Іншых нацыянальных і этнтчных меншасцяў на Падляшшы стала крыху больш. Для прыкладу, лэмкамі сябе назвала 7 чалавек у 2001 годзе, а цяпер – 100. Да свайго жыдоўскага паходжання цяпер прызнаецца 365 жыхароў Падляшша, а 20 гадоў раней толькі 25. Падляшскіх украінцаў зараз маем 2148 чалавек, было каля 1441, расіянаў было каля 369, зараз – 979. На жаль, пра іншыя этнічныя і нацыянальныя меншасці (караімаў, армян і славакаў ці чэхаў і асабліва татараў, якіх напэўна на Падляшшы найбольш, так мяркую) дэталёвай інфармацыі па Падляшшы няма. Прыгадаю толькі, што ў 2001 годзе паводле тадышняга перапісу было 323 татараў на агульны лік 495 усіх грамадзян Польшчы. Яшчэ у тым жа годзе 35 жыхароў Падляшша назвала сябе русінамі.
Сітуацыя іншых нацыянальных і этнічных меншасцяў у Польшчы паводле перапісу з 2021 года не менш цікавая, хоць і складаная.
У параўнанні з перапісам 2001 года, колькасць нацыянальных меншасцяў павялічылася з некаторымі выключэннямі.
У 2001 годзе нямецкую нацыянальнасць запісала 152 857 грамадзян, 20 гадоў пазней – 144 177.
Украінскую – 82440, раней – 30 997,
Лэмкоўскую – 13 607, раней 5863,
Літоўскую – 10 287, а ў перапісе з 2001 года – 5856,
Расейскую – 15 994, а раней 6103,
Ромскую (цыганскую) – 13 303, а раней – 12 855,
Габрэйскую (жыдоўскую) – 17 156, раней – 1133
Беларускую – 56 607, а 20 гадоў раней – 48 737.
Варта прыгадаць, што шлёнскую нацыянальнасць заявіла 596 224 чалавек, а раней – 173 153 і кашубскую – 179 685, раней – 5062. І гэтыя дзве групы пражываюць у Польшчы пераважна кампактна. Шлёнзакі (сілезцы) у Шлёнскім ваяводстве – 517 100 – гэта 13% усіх жыхароў і кашубы ў Паморскім – 174 741 – гэта 7% жыхароў ваяводства. Ну і можна сказаць беларусы ў Падляшскім – 23 242 – гэта 2,4% жыхароў нашага рэгіёну.
Аднак паводле Закону пра нацыянальныя і этнічныя меншасці ні шлянзакі, ні кашубы ці русіны нацыянальнай ці этнічнай меншасцю не з’яўляюцца. Варта дадаць што ў апошнім перапісе польскія грамадзяне заяўлялі пра сваю адну ці больш чым адну з нацыянальнасцяў, як ангельская – 54 424, амерыканская – 27 256, французская – 14 739, ірляндская – 11 638, нідэрляндская – 10 254, ды італьянская – 17 156. Але гэта не катэгорыя нацыянальных ці этнічных меншасцяў. У рэшце рэшт іншая, або не названая цераз польскіх грамадзян нацыянальнась – 167 330 чалавек. У гэтай катэгорыі знаходзяцца законныя меншасці: чэхі, славакі, татары, армяне ці караімы, ці проста людзі іншай нацыянальнасці, якія ёсць польскімі грамадзянамі: в’етнамцы, румыны, грэкі, албанцы, харваты, македонцы, баўгары, сербы ці нават перуанцы або бразільцы.
У апошнім перапісе было таксама пытанне пра веравызнанне і рэлігію, але не абавязкова трэба было на яго адказаць.
Але адказала 70% грамадзян. І адказы цікавыя, ой цікавыя і нечаканыя для некаторых веравызнанняў.
Аднак пра гэта – наступным разам.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Стала нас больш, хоць менш частка 1!