Стала нас больш. Хоць менш. Частка 3



Частка 3 Рэлігійная прыналежнасць грамадзян Польшчы.

Не ёсць ужо Польшча аднародна краінай паводле веравызнанняў, так можна меркаваць чытаючы вынікі перапісу насельніцтва грамадзян з 2021 года паводле у рубрыкі «Прыналежнасці да рэгілійных веравызнанняў».

Праўда, гэтае пытанне ў апошнім перапісе не было абавязковым і таму на яго адказала 30 212 505 грамадзян з агульнай колькасці 38 036 118. Гэта 79,43 %. А больш за 20% або не захацела адказваць на гэтае пытанне, лічачы што тое, ці веруючы, ці няверуючы – асабістая справа кожнага. Такіх было 7 807 553 чалавек (крыху больш за 19%), пры тым ажно 2 611 506 грамадзян не атаясамляюць сябе з ніводнай рэлігіяй ці веравызнаннем (6,87% сярод усіх грамадзян краіны) і не магло ўвогуле назваць свайго веравызнання яшчэ 16 056 чалавек (0.04%).

Сваю прыналежнасць да Рыма-каталіцкага касцёла назвала 27 121 331 асобаў (гэта 71,30%). Паводле ж меркаванняў самога касцёла, павінна быць што найменш 95-97% каталікоў у краіне. Грамадзян Польшчы, якія назвалі сваё веравызнанне іншым чым рыма-каталіцкае таксама ня так шмат, бо іх усяго каля 600 000 (ня цэлыя 2 %). Хоць амаль усе цэрквы падаюць лік сваіх вернікаў у 2 а то і 3 разы большым.

І так, вернікаў Праваслаўнай царквы пражывае ў Польшчы ўсяго 151 648 (0,50%), з якіх найбольш, 95 677, жыве на Падляшшы (амаль70%). Паводле алгарытму, які быў выкарыстаны ў перапісе насельніцтва ў 2011 годзе праваслаўных вернікаўтады было ў Польшчы 157 тысяч.

Сама царква ўвесь час заяўляла пра 503 тысяч вернікаў у маштабе краіны. Аднак, ужо 15 гадоў таму беластоцкі сацыёлаг Кшыштаф Гос падлічыў праваслаўных на Падляшшы і ў Польшчы, і ў яго атрымалася напалову менш.

Вернікі праваслаўнай царквы пражываюць ва ўсіх ваяводствах Польшчы. Поўны назоў царквы: Польская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. Яе складаюць 7 дыяцэзій (епархій) і Праваслаўны Ардынарыят Польскага Войска. У ёй 249 прыходаў і 11 манастыроў.

Пасля Падляшша па колькасці праваслаўных на другім месцы Мазавецкае ваяводства – 13 730 вернікаў.

Затым ідуць:

Ніжнесілезскае – 7 375,

Люблінскае – 4 832,

Малапольскае – 3 584,

Шлёнскае – 3 336,

Паморскае – 3 142,

Вялікапольскае – 3 669,

Заходнепаморскае – 2 619,

Вармінска-Мазурскае – 2926,

Лодзінскае – 2 597,

Любускае – 2 031,

Падкарпацкае – 2 210,

Куяўска-Паморскае – 1 773,

Апольскае – 1 259 вернікаў.

Апольскае ваяводства – адзінае ваяводства ў Польшчы, дзе няма праваслаўнага прыхода, толькі адна філіяльная царква ў Рацібожы.

Найменш вернікаў праваслаўнай царквы пражывае ў Свентакшыскім ваяводстве – усяго 886. Хоць прыход ёсць, у саміх Кельцах.

На трэцім месцы па колькасці вернікаў у Польшчы – Сведкі Еговы – 108 754. З іх 2056 на Падляшшы (больш менш столькі і яны самы называюць).

Царква Эвангеліцка-аўсгбурская мае паводле перапісу 65 407 вернікаў (найбольш у Шлёнскім ваяводстве, іх там 43 374, а ў Падляшскім – 333). Каб прыблізіць чытачам гэтае веравызнанне, назаву вядомыя яго асобы, прыкладам, Адам Малыш – спартовец, ці Ежы Пільх – пісьменнік.

Чарговым веравызнаннем па колькасці вернікаў ёсць Каталіцкі касцёл-візантыйска-украінскага абраду, больш вядомы як уніяцкі ці як Грэка-каталіцкая царква.

Усіх вернікаў вуніятаў у Польшчы налічваецца паводле перапісу 33 209. Найбольш у Вармінска-Мазурскім ваяводлстве – 9 413, а на Падляшшы – 412 вернікаў і адзін прыход у Беластоку.

Затым маем 30 105 вернікаў царквы Zielonoświątowców (Пяцідзесятнікаў) Найбольш іх у Ніжнай і Верхняй Сілезіі, а на Падляшшы – 839 вернікаў пяцідзесятнікаў.

Апошняе хрысціянскае веравызнанне, пра якое можам прачытаць у выніках перапісу наельніцва Польшчы з 2021 года гэта – Старакаталіцкая Царква Марыявітаў . Агульны іх лік 12 248 вернікаў. Найбольш у Мазавецкім – 5 035 і Лодзінскім ваяводствах. На Падляшшы 149 вернікаў. Гэта адна са Старакаталіцкіх цэркаваў у Польшчы, тых якія не прызнае Папы рымскага як Галаву сваёй царквы.

Далей ў перапісе маем рубрыку «іншыя». І гэтых іншых вернікаў пражывае ў Польшчы 78 298. Шкада, што ў выніках перапісу не можам прачытаць пра іншыя цэрквы і рэгігій. Бо і хрысціяне-баптысты і адвентысты сёмага дня (суботнікі) і татары-мусульмане, і юдзеі-майсеевай веры, ці стараверы – не чужыя на Падляшшы. Але пра іх перапіс з 2021 года неяк не згадвае дэталёва. А толькі «іншыя».

Варта яшчэ прыгадаць, што ў Падляшскім ваяводстве 162 023 (14,04% ) грамадзян не адказала на пытанне пра сваё веравызнанне, а 37 347 (3,28%) грамадзян Падляшша не прыналежыць да ніводнай царквы – проста няверуючыя (інакш атэісты), і яшчэ 896 грамадзян (0,08%) не змагло вызначыць свайго веравызнання.

У Заходнепаморскім ваяводстве (найбольш атэістычным у краіне) 405 293 асобы не адказала на пытанне пра веравызнанне, 162 881 не належыць да ніякай рэлігіі, а не магло вызначыцца па веры 750 чалавек (адпаведна – 24,45%, 9,48% і 0,05%). Удвая большчы ровень атэізацыі чым на Падляшшы.

Таму паўтару на завяршэнне. У маштабе краіны на пытанне пра веравызнанне адмовілася адказаць 7 807 553 чалавек (крыху больш за 19%), і аж 2 611 506 грамадзян не атаясамліваецца з ніводнай рэлігіяй ці веравызнаннем (6,87% ) -неверуючыя, і не магло ўвогуле назваць свайго веравызнання 16 056 (0.04%).

Лік і адпаведна адсотак няверуючых, ці людзей індэферэнтных рэлігійна, што праўда яшчэ не аж такі вялікі як у краінах Заходняй Еўропы ці Паўночнай Амерыкі, але недзе набліжаны да таго, які быў у 1980-ых гадах мінулага стагоддзя ў Нідэрляндах. Затое на падобным роўні, як быў у той час у Італіі. І гэта тычыцца ўсіх веравызнанняў у Польшчы.

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Стала нас больш, хоць менш!

Стала нас больш. Хоць менш. Частка 2