Старшыня „Форуму меншасцяў Падляшша” падаў у адстаўку
Шматгадовы старшыня „Форуму меншасцяў Падляшша” Марэк Масальскі ў панядзелак падаў у адстаўку. Прычыны адстаўкі не паведамляюцца.
„Да часу правядзення новых выбараў старшыні форуму буду выконваючым абавязкі”, – паведаміў ён у інтэрв’ю нашаму радыё.
Намеснік прэзідэнта Беластока ад „Форуму меншасцяў Падляшша” Адам Мусюк пракаментаваў адстаўку старшыні:
– Ёсць нейкае, скажам так, віраваннем у Форуме меншасцяў Падляшша. Форум існуе больш за 20-ць гадоў. Былі вельмі добрыя часы, але здараюцца і такія, калі адбываецца віраванне. Размовы звязаныя са стартам прадстаўніка форуму на бліжэйшых парламенцкіх выбараў у Сейм і Сенат. Размовы вёў Марэк Масальскі, які быў старшынём і такі мандат на гэта атрымаў.
Раней вяліся размовы пра тое, што Марэк Масальскі будзе прадстаўніком „Форуму меншасцяў Падляшша” па спісах „Грамадзянскай кааліцыі”. Ужо вядома, што кандыдатам будзе шматгадовы дэпутат ад Падляшша ад сацыял-дэмакратаў (SLD) Яўген Чыквін.
„Форум меншасцяў Падляшша” быў створаны ў 2002 годзе. Яго стварылі праваслаўныя брацтвы, Беларускі саюз у Польшчы, Беларускае грамадска-культурнае таварыства ды Звяз украінцаў Падляшша.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя