Старшыня „Саюзу Украінцаў Падляшша”: Дапамагаем людзям чым толькі можам



„Саюз Украінцаў Падляшша” сёлета адзначыць 30-годдзе. У эфіры „Рацыі” пабывала Марыя Рыжык старшыня гэтай арганізацыі.

РР: 30 год Вы у асноўным займаліся грамадска-культурнай дзейнасцю, арганізавалі фестывалі, ладзілі выдавецкія і адукацыйныя праекты, а сёлета, пасля расейскай агрэсіі ва Украіну шмат змянілася. Здагадваюся, што у Вас з’явіліся новыя выклікі і задачы

– Нажаль так выйшла, што мы хацелі арганізаваць фестываль на Падляшшы, а цяпер проста займаемся вайной, і мусім дапамагаць Украіне, і ўсім, хто жыве і ў Бельску, і Бельскім павеце. Таксама стараемся дапамагаць людзям, якія зараз ва Украіне, і змагаюцца з расейскім агрэсарам.

РР: Ці памятаеце раніцу 24 лютага? Як Вы даведаліся пра ўварванне расейскіх войскаў ва Украіну?

– Даведалася з інтэрнэту, мы спадзяваліся гэтага з дня на дзень, толькі чакалі, калі гэта выбухне. Ну і 24 адразу пабачылі ў інтэрнэце, бо увесь час сядзелі ў інтэрнэце і пільнавалі гэта. Спадзяваліся, але не верылі. Але сталася так, як сталася. Казалі, што гэта немагчыма, але мы баронім нашу айчыну ўжо 26 дзень.

РР: Нібыта ўсе спадзяваліся, што можа так быць, але быў нейкі промень надзеі, што ўсё-такі не адбудзецца ўварванне, прынаймней у такім маштабе: дзе разбураецца ўся краіна, дзе бомбы спадаюць на мірнае насельніцтва, на кватэры і на дамы, а не толькі на вайсковыя аб’екты. А можна сказаць, што нават мала на вайсковыя аб’екты.

– Нажаль гэта праўда. Гінуць дзеці, гінуць жанчыны, старшыя людзі. Відавочна армія змагаецца. Але таксама бачым у інтэрнэце, колькі бомбаў трапіла ў дамы, дзіцячыя садкі і школы, гэта страшна, гэта проста варварства. Нельга гэта вытлумачыць нічым.

РР: Можна ўжо казаць пра 2 мілёны украінскіх ваенных уцекачоў толькі ў Польшчы. Здагадваюся, што Вы маеце кантакты з гэтымі людзьмі? А вядома, колькі ўцекачоў маем у нашым рэгіёне, на Падляшшы?

– Афіцыйна зарэгістраваных можа 1000-1500, але сапраўды думаю, што мінімум у два разы больш, не ўсе зарэгістраваныя. Апошні тыдзень шмат людзей прыязджала з Украіны. Яны былі ў Луцку, і Роўным, у Івана-Франкоўску, а потым прыехалі на польска-украінскую мяжу, ці польска-славацкую. У тым ліку і на Падляшшы шмат народу – толькі ў нас у хаце зараз знахозіцца 12 асобаў. Дзеці напрыклад, якія зараз у нас знахозяцца, апошнія 2 тыдня спалі ў падвалах, гэта для іх страшная траўма на ўсё жыццё.

Беларускае Радыё Рацыя