Уладзімір Кананьчук склаў прысягу быць сумленным бурмістрам Міхалова



Уладзімір Кананьчук склаў прысягу быць добрым і сумленным бурмістрам Міхалова. У другім туры выбараў у органы мясцовага самакіравання, ён перамог Марка Назарку, які апошнія 12 гадоў кіраваў гмінай і горадам.

8 сянжня новы бурмістр падчас свайго  выступу абяцаў:

– Спрыяць далейшаму развіццю гміны, а таксама больш увагі і грошай скіраваць на праблемы старэйшых жыхароў і моладзі, а таксама на паляпшэнне ўмоваў жыцця жыхароў.

8 снежня на ўрачыстай сесіі ў Міхалове прысутнічалі дэпутаты польскага Сейму, якія падтрымлівалі кандыдатуру Уладзіміра Кананьчука – Аляксандр Сасна з парламенцкага клуба “Грамадзянскай Платформы”, і Дарыюш Пянткоўскі з “Права і Справядлівасці”. Ліст з віншаваннямі новаму бурмістру перадаў таксама кіраўнік беластоцкай структуры “Грамадзянскай платформы” – Дам’ян Рачкоўскі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

 

* * *

Маршалак – з Польскай сялянскай партыі, а двое ягоных намеснікаў – з Грамадзянскай платформы.  “Гэта вынік кааліцыйнага пагаднення ў Сейміку Падляшскага ваяводства”, – кажа старшыня Падляшскіх структураў Польскай сялянскай партыі Войцех Дзяжгоўскі:

 – У пяці-асабовай Радзе ваяводства знойдуцца яшчэ два прадстаўнікі Сялянскай партыі. Прозвішчы канкрэтных асобаў дазнаемся яшчэ сёння.

Цяпер прадстаўнікі абедзьвюх партыі дыскутуюць над прозвішчамі асобных кандыдатаў у Раду Сейміка.

Хто будзе Маршалкам ваяводства, а хто ягонымі намеснікамі, дазнаемся па выніках сесіі, якая цяпер адбываецца.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

 * * *

Паўторных мясцовых выбараў у Польшчы не будзе, папярэдзіў прэзідэнт краіны Браніслаў Камароўскі, адзначыўшы, што аспрэчванне сумленнасці выбараў, патрабуючы паўторнага галасавання, ёсць шаленствам.

Правядзення паўторнага галасавання патрабуюць некаторыя палітычныя партыі, а лідар левых сілаў СЛД Лешэк Мілер патрабуе таксама запрасіць на паўторныя мясцовыя выбары ў Польшчы наглядальнікаў з Еўрапарламенту і АБСЕ.

Згодна з цяперашнім польскім заканадўствам правядзенне паўторных выбараў ва ўсёй краіне ёсць немагчымым.  Адзіную магчымасць абвергнуць верагоднасць вынікаў галасавання  маюць выбаршчыкі, якія мусяць скласці скаргі ў акруговыя суды. Толькі тады ў паасобных гмінах, паветах ці ваяводствах на аснове рашэння суда будзе можна правесці датэрміновае галасаванне.

Нагадаем, у выніку аварыі электроннай сістэмы падліку галасоў польская ЦВК яшчэ дагэтуль не агучыла афіцыйных вынікаў у ваяводскія соймікі. Мясцовыя выбары ў Польшчы адбыліся ў нядзелю, 16 лістапада.

* * *

Сакратар Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Польшчы Казімір Чапліцкі  падаў у адстаўку.  Яго заява прынята.  Гэтую пасаду Чапліцкі займаў з 1991 года.

Рашэнне аб адстаўцы было прынятае ў сувязі з тым, што яшчэ дагэтуль ЦВК не змагла агучыць афіцыйных вынікаў мясцовых выбараў, якія адбыліся ў Польшчы ў апошнюю нядзелю, 16 лістапада.  Уноч на панядзелак здарылася аварыя электроннай сістэмы падліку галасоў, а ўчора ЦВК паведаміла пра кібэр-атаку на іх сайт.

Фота mmbialystok.pl