„Стоп рэпрэсіям у Беларусі!”
У Беластоку каля Генеральнага консульства Рэпублікі Беларусь (вул. Электрычная/Elektryczna 9) прайшоў пікет супраць палітычных рэпрэсій і за вызваленне палітычных зняволеных, які зладзілі беларускія студэнты.
Больш за два дзясяткі пікетоўцаў заклікалі вызваліць затрыманых падчас Дня Волі 25 сакавіка і спыніць далейшыя рэпрэсіі.
Суарганізатар пікета Андрэй Цянюта:
— Мы тут дзеля таго, каб палякі ведалі, што адбываецца ў Беларусі. Зараз чарговая хваля рэпрэсій. Усё ж такі з часам будуць вызваленыя нашы палітвязні.
Дар’юш Шада-Бажышкоўскі:
— Кожны сумленны чалавек павінен так паступіць. Беларусы — нашы суседзі, з якімі мы гістарычна звязаныя стагоддзямі. Таму трэба праявіць салідарнасць.
Старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя, Яўген Вапа:
— Маладыя беларусы, якія з’ехалі з Беларусі і мусяць вучыцца тут, яны і ў Беластоку ладзяць такія акцыі, на якіх я, як беларус, які жыве ў Польшчы, духоўна і эмацыйна адчуваю сувязь з тымі людзьмі. Яны нашы браты, а таксама, шматлікія знаёмыя і сябры.
У пікеце прынялі таксама ўдзел прадстаўнікі польскіх партыяў і грамадскіх рухаў.
«У ХХІ стагоддзі па палітычных матывах у цэнтры Еўропы людзі не павінны сядзець у турме і гэта важна сказаць беларускім дыпламатам», – кажа Андрусь Цянюта:
— Вельмі жахліва тое, што людзі сядзяць у турмах у ХХІ стагоддзі, але мы робім усё магчымае, каб дапамагчы гэтым людзям. Шмат каго з людзей, якія цяпер сядзяць у СІЗА КДБ, я ведаю асабіста. Напрыклад Зміцер Дашкевіч, Раман Васільеў і іншыя і для мяне справа гонару: дапамагчы сваім сябрам.
Акцыя пачалася а 12:00 гадзіне мясцовага часу каля Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь, што на вул. Электрычнай, 9. Мясцовыя ўлады санкцыянавалі мерапрыемства.
Мерапрыемства санкцыяванае, паведаміў у Facebook студэнт-каліновец Антон Касцоў.
Беларускае Радыё Рацыя