Студэнцкая праграма Erasmus+ адкрытая таксама для навучэнцаў з Беларусі



Новая еўрапейская студэнцкая праграма адкрытая таксама на навучэнцаў з Беларусі. Erasmus+, які запрацаваў з гэтага году, стварае шанс вучыцца, але не толькі, у краінах Еўрапейскага звязу і краінах-партнёрах.

А моладзь ва ўзросце 17-30 гадоў можа набыць вопыт у Еўрапейскай валанцёрскай службе. Якім чынам студэнты з Беларусі могуць паўдзельнічаць ў згаданых праграмах, тлумачыць Агата Бутарэвіч-Главацкая з Беластоцкага ўніверсітэту:

 – Беларускія студэнты могуць удзельнічаць у праграме Erasmus+, калі яны з’яўляюцца студэнтамі навучальных установаў, напрыклад, Польшчы, яны мусяць легальна знаходзіцца ў Польшчы. Напрыклад, студэнты з Беларусі ці Украіны, якія вучацца ў Беластоку, могуць узяць удзел у праграме Erasmus+, а таксама скарыстаць магчымасць нефармальнай адукацыі. Напрыклад, паўдзельнічаць у праграме Erasmus+, альбо ў праграме „Еўрапейскі валантарыят”.

Еўрапейскія праграмы прапануюць самыя розныя формы навучання і валанцёрскай дзейнасці. Студэнты, якія хочуць прыняць у іх удзел, могуць звярнуцца ў беластоцкі Фонд Дыялог, які ўжо некалькі год дапамагае аформіць выезд, а таксама прымае замежных валанцёраў у сябе.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя