Студэнты ў Польшчы працягваюць вучыцца дыстанцыйна
Уведзены каранцін не спыніў навучальны працэс. Такую інфармацыю падаюць студэнты польскіх ВНУ, якія ў сувязі з захадамі па супрацьдзеянні распаўсюду каронавіруса, замест паходаў ва ўніверсітэт вымушаны заставацца дома. “Вучоба працягваецца, дзякуючы сучасным тэхналогіям”, – паведамляе беларускі студэнт аднаго з беластоцкіх ВНУ Андрэй Цянюта:
– У нас выкладчыца на кухні праз скайп канферэнцыю вяла. Па некаторых прадметах проста высылаюць літаратуру і просяць адказаць на пытанні па гэтых тэкстах. І каб у пісьмовым выглядзе і фоткі прыслалі сшыткаў. Лягчэй было хадзіць на пары, таму што займае вельмі шмат часу. Я амаль увесь час пішу працы, не паспяваю. Лепей на пары хадзіць, таму што ўсё ж такі інфармацыі ты меньш атрымліваеш, чым на парах.
Як вядома, урад Польшчы зачыніў не толькі межы, але і ўсе навучальныя ўстановы і ўстановы культуры ў сувязі з распаўсюдам інфекцыі каронавіруса.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота:PAP/Marcin Bielecki