Створана Таварыства паэтаў Бельскай зямлі



„Садзейнічанне развіццю паэзіі і культурнаму абмену,» – такія мэты перад сабой ставіць Таварыства паэтаў Бельскай зямлі. Новае аб’яднанне накіравана на супрацу на ніве паэтычнай творчасці  розных нацыянальнасцей, у тым ліку палякаў, беларусаў ды ўкраінцаў. Менавіта творачай разнастайнасцю зможам узбагаціць паэзію, кажа сузаснавальнік таварыства Андрэй Сальнікаў:

– Гэта таварыства, якое мае мэтай супрацу на базе шматнароднасці. Нельга замыкацца ў адной культуры ці адным народзе, калі ідзе размова пра развіццё культуры. Павінна быць узаемаабагачэнне культур.  

«Хоць назва аб’яднання гаворыць пра Бельшчыну, да сваёй дзейнасці хочам запрасіць таксама паэтаў з іншых раёнаў Падляшша, Польшчы ды замежных творцаў», – дадае Андрэй Сальнікаў.

Зараз сябрамі аб’яднання з’яўляюцца польскамоўныя паэты і паэтэсы: Андрэй Сальнікаў, Бэата Яцэвіч, Тадэвуш Залеўскі, Кордыян Міхальскі ды беларускамоўныя творцы: Юрка Баена, Жэня Мартынюк, а таксама Зофія Сачко, якая піша вершы на падляшскім дыялекце.

У планах Таварыства паэтаў Бельскай зямлі наладжванне конкурсу паэзіі і выданне зборнікаў паэзіі.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя