Створаная Асацыяцыя беларускіх ветэранаў вайны ва Украіне
Ветэраны розных беларускіх добраахвотных фарміраванняў Збройных Сіл Украіны вырашылі стварыць Асацыяцыю беларускіх ветэранаў. Яе мэта – дапамагчы ў вырашэнні праблем беларусаў, якія прайшлі службу ў шэрагах ЗСУ, незалежна ад падраздзялення.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе аб’яднання, “ужо зараз людзі, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях, сутыкаюцца з праблемамі ў медыцынскай і юрыдычнай сферах, патрабуюць рэсацыялізацыі і псіхалагічнай дапамогі”.
Яшчэ адна мэта – праца са сваякамі загінулых і параненых ваяроў, а таксама з сем’ямі тых, хто цяпер служыць у ЗСУ.
Арганізацыя хоча дапамагаць як тым жаўнерам, якія застаюцца ва Украіне, так і тым, якія з’язджаюць за мяжу пасля завяршэння службы. У сувязі з гэтым створаныя незалежныя філіялы ва Украіне, Літве і Польшчы.
