Суд адхіліў забарону на правядзенне IV Маршу выклятых жаўнераў (абноўлена)



Бургамістр Гайнаўкі Ежы Сірак будзе адкліквацца ад рашэння суда ў справе IV Маршу выклятых жаўнераў у гэтым горадзе, які арганізуюць крайне правыя арганізацыі. Бургамістр адзначае, што матывіроўка на забарону застаецца нязменнай, “што раней гайнаўскі марш праходзіў пад лозунгамі, якія мелі варожы характар у дачыненні да прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, якія жывуць у Гайнаўцы.

– Падтрымліваем першапачатковыя аргументы. Калі я б не верыў у тое, то не скардзіўся б. Таксама ўзгадніў з пробашчам парафіі Яна Хрысціцела, што а 9.30 пройдзе набажэнства за душы забітых у лютым 46-га года.

Акруговы суд у Беластоку адхіліў сёння рашэнне бургамістра Гайнаўкі на забарону маршу шавіністаў, які запланаваны ў гэтым горадзе на 23 лютага з нагоды дня памяці выклятых жаўнераў. Бургамістр Гайнаўкі таксама сказаў, што ў суботу ў царкве Яна Хрысціцела пройдзе адмысловая малітва ў памяць ахвяраў Рамуальда Райса (псеўданім Буры). Якраз Рамуальда Райса, адказнага за забойства звыш 80 цывільных жыхароў беларускіх вёсак Беласточчыны, арганізатары гайнаўскага маршу ўсхваляюць як героя.

* * *

Акруговы суд у Беластоку адхіліў 18 лютага забарону на правядзенне IV Маршу выклятых жаўнераў.

23 лютага ў Гайнаўцы яго хочуць правесці скрайне правыя і шавіністычныя сілы.  Рашэнне пра забарону маршу выдаў раней бургамістр Гайнаўкі Ежы Сірак. 7 лютага гарадская рада Гайнаўкі на сваім адмысловым пасяджэнні прыняла заяву, у якой асудзіла арганізацыю маршу, у якім услаўляецца капітан Рамуальд Райс “Буры” – адказны за пацыфікацыю беларускіх вёсак на Бельшчыне і Гайнаўшчыне ў 1946 годзе.

Паводле вынікаў следства, праведзенага Інстытутам нацыянальнай памяці, злачынствы, здзейсненыя падчас так званага “крывавага рэйду Бурага”, маюць прыкметы генацыду.

Сённяшняе рашэнне суда не з’яўляецца правамоцным. Цягам сутак яго можна абскардзіць у судзе вышэйшай інстанцыі.

Беларускае Радыё Рацыя