Сумная перспектыва беларускіх гаворак на Беласточчыне
21 лютага адзначаецца сусветны дзень роднай мовы. Яшчэ два дзясяткі гадоў таму ў штодзённым жыцці жыхары Сакольшчыны на Падляшшы размаўлялі на так званай “простай мове”, мясцовым дыялекце беларускай мовы.
Сёння гэтая мова памірае разам са старэйшым пакаленнем.
„Я вывучыў “простую мову” на родным панадворку ў Саколцы і ня меў свядомасці, што гэта за мова”, – кажа малады пісьменнік і паэт з Саколкі, Эдвард Гарштыньскі:
– Напачатку я наогул не ведаў, што гэта беларуская мова. Толькі думаў – нашая сакальская, якісь дыялект польскай мовы. Пазней, калі я прыехаў да Беластоку, альбо на БАСы, то вельмі здзівіўся: чаму я ўсё разумею, што яны гавораць. Я ніколі не вучыўся беларускай мове. У вёсачках яшчэ гавораць, але не з чужымі – паміж сабою. А ў Саколцы амаль забылі. Ёсць нейкія комлексы, што гэта горшая мова – мужыцкая. Кожная мова – мужыцкая.
На сённяшні дзень беларускую мову як родную вывучаюць два дзясяткі дзяцей у Бабіках і Шудзялаве. Спробы увесці навучанне роднай мовы ў Крынках і Саколцы не былі паспяховымі.
Лёс “простай мовы” ужо вызначаны, мяркуе Юліта Сцепанюк, карані якой паходзяць з ваколіц Крынак:
– Памятаем, калі слухаем беларускую музыку з маімі сябрамі, якія ніколі не гаварылі па-беларуску. У іх ёсць сантымент – слёзка ў вачах. Людзі будуць памятаць, але, на жаль, не будуць гаварыць.
Паводле перапісу насельніцтва 1897 году 90% жыхароў Сакольскага павету карысталіся штодня беларускай мовай.
У апошнім перапісе насельніцтва – 2011 году – на Сакольшчыне афіцыйна паведамляецца пра дзве тысячы асобаў, якія назвалі роднай мовай беларускую, “мову простую”, ці “беларуска-польскую гаворку”.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя