Супрацоўнікі пагранслужбы Еўрасаюза Frontex пачалі ахоўваць літоўска-беларускую мяжу



Шэсць супрацоўнікаў Еўрапейскай службы пагранічнай і берагавой аховы (Frontex) 2 ліпеня пачнуць патруляваць мяжу Літвы з Беларуссю разам з памежнікамі, паведамляецца на сайце літоўскай Дзяржаўнай памежнай службы (ДПС).

Прадстаўнікі пагранслужбы ЕЗ з Францыі, Венгрыі і Германіі пад кіраўніцтвам літоўскіх памежнікаў будуць ахоўваць участкі мяжы ў раёне населеных пунктаў Капчамесціс і Друскінінкай.

У ДПС паведамляюць, што колькасць супрацоўнікаў Frontex на літоўска-беларускай мяжы ў сярэдзіне ліпеня дасягне 30.

Паводле дадзеных літоўскай памежнай службы, з пачатку года з боку Беларусі ў краіну спрабавалі патрапіць 672 нелегальныя мігранты — у восем разоў больш, чым за ўвесь мінулы год. У 2020 годзе на мяжы затрымалі 81 нелегальнага мігранта, 2019-м — 46, 2018-м — 104, 2017-м — 72.

Большая частка затрыманых, 428 чалавек, грамадзяне Ірака. Таксама сярод затрыманых грамадзяне Ірана (51), Сірыі (45), Беларусі (44), Расеі (28), Турцыі (12), Шры-Ланкі (10), іншых краін (54).

26 мая ў праўладных тэлеграм-каналах з’явіліся паведамленні, як сцвярджаецца, з асобнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з дэпутатамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, членамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання. У прыватнасці было апублікаванае паведамленне з яго рэакцыяй на дзеянні Захаду: „Лукашэнка: мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — зараз будзеце самі іх есці і лавіць”.

Гэтыя паведамленні былі перадрукаваныя тэлеграм-каналам аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў. Са спасылкай на яго адпаведныя навіны апублікавалі некаторыя расійскія і ўкраінскія СМІ. Прэс-служба Лукашэнкі ў расшыфроўцы выступлення на яго сайце такіх заяў не прыводзіць. Няма іх і ў паведамленнях дзяржаўных СМІ.

Разам з тым міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы на гэтай жа сустрэчы, заявіў: „Мы вымушаныя і будзем жорстка рэагаваць на любыя недружалюбныя крокі на наш адрас. Мы разглядаем магчымасць прыпынення ўзаемадзеяння з ЕС па пытаннях барацьбы з нелегальнай міграцыяй, аргзлачыннасцю, арганізацыі ядзернай бяспекі”.

Рэагуючы на такія заявы, кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс напісаў на сваёй старонцы ў „Твітэры”: „Лукашэнка адкрыта пагражае накіраваць наркотыкі і нелегальных мігрантаў у наш бок. Тэрарыст — гэта той, хто дзейнічае або мае намер дзейнічаць як тэрарыст. Гэта далейшая эскалацыя з боку рэжыму, да якой Еўропа павінна быць гатовая”.

5 чэрвеня міністр унутраных спраў Агне Білатайце заявіла: „Відавочна, што супраць Літвы вядзецца гібрыдная вайна, а нелегальная міграцыя — адзін са сродкаў”. Пазней кіраўнік МЗС Ландсбергіс адкрыта абвінаваціў улады Беларусі ў тым, што яны ўчынілі „гібрыдную атаку на Еўропу”, спрыяючы перамяшчэнню нелегальных мігрантаў да літоўскай мяжы.

11 чэрвеня ў Вене на сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што патокі нелегальных мігрантаў з Беларусі дасягнулі гістарычнага максімуму.

16 чэрвеня Білатайце звярнулася ў Генпракуратуру Літвы з просьбай пачаць расследаванне з нагоды арганізацыі незаконнага перамяшчэння людзей праз мяжу з Беларусі. Тым жа вечарам у эфіры тэлеканала LRT яна заявіла, што МУС разам з іншымі ведамствамі абмяркоўвае пытанне пра ўзвядзенне плота на мяжы з Беларуссю.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 24 чэрвеня, размаўляючы з журналістамі ў Бруселі перад пачаткам пасяджэння Еўрапейскага савета, на якім былі ўведзеныя сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх уладаў, выказаў сур’ёзную заклапочанасць сітуацыяй на мяжы. „Праблема мігрантаў стала значнай не толькі для Літвы, але і для ўсяго ЕС, таму што адпраўка мігрантаў праз мяжу з ЕС робіцца афіцыйнай пазіцыяй Беларусі. І гэта азначае, што колькасць мігрантаў за апошні месяц павялічылася драматычна. Нам давядзецца гэта вырашаць”, — сказаў Науседа.

28 чэрвеня МЗС Беларусі ў якасці адной з мер у адказ на санкцыі Еўрасаюза абвясціў пра пачатак працэдуры прыпынення дзеяння пагаднення з ЕС аб рэадмісіі.

Пагадненне аб рэадмісіі, якое набыло моц 1 ліпеня 2020 года, прадугледжвае, што Беларусь і ЕС павінны ажыццяўляць зваротны прыём на сваю тэрыторыю ўласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць альбо перасталі адпавядаць крытэрам легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго. У пагадненні замацаванае даванне Беларусі двухгадовага пераходнага перыяду ў дачыненні да рэадмісіі грамадзян трэціх краін. У сумеснай дэкларацыі да пагаднення ўтрымліваецца абавязацельства ЕС аб аказанні краіне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў гэтай сферы.

belapan.by