Супрацоўнікі садка № 14: Дзякуй усім, што падтрымалі нас, як і справу выхавання на беларускай мове!
16-га лютага прэзідэнт горада Беластока абвясціў пра адмову ад намеру аб’яднаць дзіцячы сад № 14 мясцовага самакіравання і пачатковую школу № 4 з беларускай мовай навучання. Рашэнне было прынята пасля кансультацый з прадстаўнікамі беларускай супольнасці і арганізацый, дзвюх петыцый ад бацькоў навучэнцаў і публічных заяваў неабыякавых палітыкаў.

Падзяку усім удзельнікам абароны адзінага беларускамоўнага дзіцячага садка №14 у Беластоку выказала дырэктарка ўстановы Люцыя Неміровіч:
– Вядома, што мы вельмі ўдзячныя бацькам і ўсім тым прыхільнікам дзіцячага садка, што яны падтрымлівалі нас кожны дзень, мы кожны дзень адчувалі іх дапамогу і вельмі цешымся з гэтага. Вялікі дзякуй бацькам, вялікі дзякуй усім беларускім арганізацыям. Мы будзем працаваць і старацца, каб нашыя дзеткі як найлепей вучыліся беларускай мове.

Падзяку ад усіх работнікаў садка выказала настаўніца малодшай групы Эмілія Кендыш:
– Вельмі дзякуем прэзідэнту горада Беластоку Тадэвушу Трускаляскаму за тое, што пачуў наш голас, таксама ўсім радным і арганізацыям, бацькам, усім людзям, якія падпісаліся пад Петыцыяй і ўсім, хто быў сэрцам з намі. Нам вельмі прыемна, што маем такую вялікую падтрымку. І думаю, гэта добра і для садка, і для выхавацельніц, і для бацькоў, што прынятае такое рашэнне.
Вядома, што набор у беластоцкі садок №14 з беларускай мовай навучання пачынаецца ўжо 24-га лютага. Заявы пра прыняццё дзяцей да ўстановы можна падаць асабіста ў садку ці праз афіцыйны сайт горада Беластоку.








Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
