Сустрэча міністра Марыюша Камінскага і Святланы Ціханоўскай
У чацвер (24 сакавіка) міністр Марыюш Камінскі сустрэўся з лідарам дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі Святланай Ціханоўскай. – Гэта была вельмі патрэбная сустрэча і размова пра свабодную Беларусь, незалежную Украіну і бяспеку нашага рэгіёну, – сказаў Марыюш Камінскі, кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, паведамляе gov.pl.
Фота: gov.pl
У адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі была створана група па вырашэнні праблем бежанцаў з Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Першае пасяджэнне гэтага органа адбудзецца ў пятніцу (25 сакавіка) пад старшынствам намесніка дзяржаўнага сакратара Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Барташа Градэцкага, які таксама быў удзельнікам сённяшняй сустрэчы.
У складзе беларускай дэлегацыі, акрамя Святланы Ціханоўскай, былі: Франак Вячорка, Павел Латушка (член Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення), Крысціна Рыхтэр (юрысконсульт) і Аліна Коўшык, прадстаўніца Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве.