Сустрэча з Лехам Валенсам у Беластоку



Лех Валенса не можа стаць ганаровым грамадзянімам Беластока – так сцвердзілі на адмысловай канферэнцыі сябры нацыяналістычнай арганізацыі Młodzież Wszechpolska. Канферэнцыя прайшла ў сувязі з тым, што 20-га верасня ўвечары Валенса праводзіць сустрэчу ў Беластоку. Ён выступіць з лекцыяй паводле запрашэння Камітэту абароны дэмакратыі.

walesa-1802-1

Лідар падляшскага аддзялення арганізацыі Młodzież Wszechpolska Марцін Заблудоўскі заявіў, што асоба, якая супрацоўнічала з камуністычнымі спецслужбамі і брала за гэта грошы, не можа стаць ганаровым грамадзянінам Беластока на роўні з іншымі асобамі:

– Сярод іх такія асобы як Ян Павел ІІ, Юзаф Пілсудскі, Рышард Качароўскі. У кантэксце спраў былога прэзідэнта Леха Валенсы і зыходзячы з таго, што прынесла жонка генерала Кішчака ў ІНП, лічым, што ён не павінен стаяць побач з выбітнымі людзьмі Польшчы.

Сябры Młodzieży Wszechpolskiej павінны сабраць 1000 подпісаў, каб справай занялася ўправа горада Беластока. Збор подпісаў падтрымаў ужо адзін з мясцовых дэпутатаў –  Дарыюш Васілеўскі. Апошнім часам Інстытут нацыянальнай памяці здабыў дакументы, якія нібыта сведчаць пра супрацоўніцтва іконы дэмакратычных пераменаў са службамі бяспекі ў сямідзясятых гадах. Сам Лех Валенса адмаўляе гэтыя факты.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота jezykpolski.org