Павел Латушка наведае Беласток і Радыё Рацыя (абноўлена)
Чалец Каардынацыйнай рады па урэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Павел Латушка 5 верасня правядзе сустрэчы ў Беластоку. У 12 гадзін запланаваная адмысловая канферэнцыя з яго ўдзелам, на якую можа прыйсці кожны ахвочы. Распавёў арганізатар сустрэч дэпутат польскага сейма Роберт Тышкевіч.
Па словах Роберта Тышкевіча, сёння, 4 верасня, Павел Латушка знаходзіцца з візітам у Літве.
Сёння Павел Латушка падтрымаў затрыманых: «Усіх за краты ня кінуць! Нас большасць і праўда на нашым баку!» напісаў ён у сваім тэлеграм-канале. «Самаідэнтыфікацыю нацыі не спыніць. Беларусы больш ня будуць маўчаць, – падсумаваў Павал Латушка, які ў сярэдзіне жніўня за выказванне грамадзянскай пазіцыі быў звольнены з пасады дырэктара Купалаўскага тэатра.
Беларускае Радыё Рацыя
***
У суботу, 5 верасня, а 12:00 гадзін сустрэча з Паўлам Латушкам, членам прэзідыума Беларускай каардынацыйнай рады, у аўдыторыі факультэта адукацыйных навук Беластоцкага ўніверсітэта (вул. Свяркова, 20).
Арганізатары заклікаюць пагаварыць пра бягучую сітуацыю ў Беларусі і разам разгледзіць сцэнар пазітыўных зменаў у гэтай краіне.
Па іх словах, ніколі яшчэ падчас кіравання Лукашэнкі яны не былі сведкамі такога вялікага абуджэння грамадзянскай супольнасці, як гэта адбылося ў Беларусі ў апошнія месяцы.
Беларусы даказалі, наколькі вялікае ў іх імкненне да свабоднай і дэмакратычнай радзімы. Аднак рэжым Лукашэнкі працягвае трымацца ўлады і ўжываць гвалт у адносінах да ўласных грамадзян. Таму вельмі важна пастаянна дэманстраваць сваю салідарнасць з беларускім народам і падтрымліваць яго на шляху да свабоды.
Муры абрынуцца, і Беларусь зноў стане вольнай! Жыве Беларусь!
Беларускае Радыё Рацыя