Сусветныя дні праваслаўнай моладзі ў Беластоку
Пачынаюцца Сусветныя дні праваслаўнай моладзі ў Беластоку. Ужо другі раз мерапрыемства пачынаецца з балю моладзі Польшчы і іншых краінаў Еўропы. У час балю будуць прадстаўлены і славянскія традыцыйныя танцы, а зайграюць для гасцей і ўдзельнікаў балю падляшскія калектывы. Сёлета арганізатары падрыхтавалі таксама навуковую канферэнцыю пра сучаснае пакутніцтва і паездку ў Белавежу. Аднак самае важнае ў сустрэчах моладзі – гэта супольная малітва, як кажа Тамаш Кісялеўскі з Брацтва праваслаўнай моладзі Беластоцка-Гданьскай епархіі.
– Гэта вельмі важна для кожнага маладога чалавека. І перадусім важная супольная малітва праваслаўнай моладзі нашага рэгіёна з іншымі маладзёнамі, як мы.
Баль праваслаўнай моладзі пачынаецца 12 лютага ў 18 гадзін у банкетнай залі “Сантана”. На 13 лютага запланавана паездка ў Белавежу ў 10 гадзін з Беластока. Ёсць яшчэ месцы.
Сусветны дзень праваслаўнай моладзі святкуецца з 1992 года. Заснавальнікам мерапрыемства з’яўляецца сусветная арганізацыя праваслаўных брацтваў “Сіндэсмас”.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота bialystokonline.pl